«Гомельтранснафта Дружба» да канца студзеня прапампуе больш за 200 тыс. т расійскай нафты для Мазырскага НПЗ

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Гомельтранснафта Дружба" плануе да канца студзеня прапампаваць больш за 200 тыс.т расійскай нафты для Мазырскага НПЗ, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар "Гомельтранснафта Дружба" Сяргей Сасноўскі. "Пастаўка ідзе ў адпаведнасці з графікам, у нас ёсць пацвярджэнне на прапампоўку да канца месяца больш за 200 тыс.т нафты", - адзначыў Сяргей Сасноўскі. Паводле яго слоў, ужо вызначаны прагнозны план па прапампоўцы расійскай нафты на Мазырскі НПЗ у лютым. Прапампоўка расійскай нафты пачата і ў напрамку ААТ "Нафтан", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ААТ "Полацктранснафта Дружба". Перамовы аб умовах пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь завяршыліся 25 студзеня ў Маскве. Іх вынікам стала заключэнне дагавораў аб пастаўках нафтавай сыравіны паміж беларускімі нафтаперапрацоўчымі заводамі і расійскімі нафтавымі кампаніямі. Па праекце паліўна-энергетычнага балансу Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі на 2011 год, узгодненым бакамі ў снежні 2010 года, у Беларусь у бягучым годзе можа быць пастаўлена 21,7 млн.т нафты, у тым ліку 18 млн.т трубаправодным транспартам. Беларусь з 1 студзеня 2011 года павінна атрымліваць расійскую нафту і нафтапрадукты без пошлін і без абмежавання аб'ёмаў. Гэта прадугледжана Пагадненнем аб парадку выплаты і залічэння вывазных мытных пошлін (іншых пошлін, падаткаў і збораў, якія маюць эквівалентнае дзеянне) пры вывазе з тэрыторыі Беларусі за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюза нафты сырой і асобных катэгорый тавараў, выпрацаваных з нафты. Дакумент падпісаны кіраўнікамі дзяржаў Мытнага саюза 9 снежня 2010 года. Ён ратыфікаваны Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 21 снежня і адобраны Саветам Рэспублікі 22 снежня 2010 года. Пагадненнем устаноўлены новыя ўмовы пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь. Урэгуляваны пытанні спагнання і пералічэння ў бюджэт Расіі вывазных мытных пошлін пры вывазе з тэрыторыі Беларусі за межы Мытнага саюза сырой нафты і асобных тавараў з вуглевадароднай сыравіны.-0-