Гардармост Віцебска праверыў гатоўнасць спецтэхнікі да снегападаў і галалёду
Дзякуючы снегу, які выпаў на мінулым тыдні, камунальнікі праверылі, як падрыхтаваліся да сезону снегападаў і галалёду.
– Першы снег вялікіх праблем не стварыў, мы гатовыя да самага халоднага часу года. На дадзены момант нарыхтавалі 1600 тон белай солі, 3200 тон сумесі пяску і чырвонай солі і працягваем папаўняць запасы, – распавёў намеснік дырэктара віцебскага КРУП «Гардармост» Сяргей Шчыпкоўскі.
Адрэмантавана ўся спецтэхніка, паўтары сотні работнікаў «Гардармоста» пры неабходнасці гатовыя працаваць кругласутачна, каб грамадскі транспарт, «хуткія», пажарныя маглі бесперашкодна перамяшчацца па праезнай частцы, а жыхары абласнога цэнтра – па пешаходных пераходах, тратуарах і да прыпынкаў.
Паведаміць пра складаную сітуацыю на дарозе можна па тэлефоне дыспетчарскага пункта прадпрыемства «Гардармост» 63-71-37.