Гарадок прыме Дзень беларускага пісьменства ў 2023 годзе
Добруш жыў паўнавартасным фестывальным жыццём два насычаныя дні і гатовы перадаць творчую эстафету. Дарэчы, на цырымоніі закрыцця старшыня Добрушскага райвыканкама Аляксандр Матарас перадаў вымпел Дня беларускага пісьменства старшыні Гарадоцкага райвыканкама Пятру Карабачу.

"Свята на добрушскай зямлі адбылося. Мы з годнасцю прынялі гасцей і дайшлі да сэрца кожнага жыхара Добруша і госця райцэнтра. Усё гэта дзякуючы таленту нашага земляка Івана Пятровіча Шамякіна, гістарычнай памяці суайчыннікаў, ініцыятыве аргкамітэта правядзення свята ў Добрушы. З задавальненнем перадаю вымпел для правядзення юбілейнага XXX Дня пісьменства Гарадку", - падкрэсліў ён.
Пётр Карабач прывітаў усіх гасцей фестывалю ад імя паўночнага рэгіёна. "Вялікі гонар не толькі быць на гэтым свяце, але і прымаць такую ганаровую эстафету на радзіме Канстанціна Вераніцына - аўтара вядомай паэмы "Тарас на Парнасе", - адзначыў ён. На памяць уручыў герб Гарадоцкага раёна як сімвал таго, што будуць прыкладзены ўсе сілы, каб годна прыняць у 2023 годзе юбілейнае свята. Старшыня запрасіў усіх на гасцінную гарадокскую зямлю.
Дзень беларускага пісьменства — нацыянальнае свята, якое займае ганаровае месца сярод найважнейшых падзей у культурным жыцці Беларусі і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня.