Гарадоцкая птушкафабрыка выпусціла пробную партыю мяса індычкі

Городокская птицефабрика выпустила пробную партию мяса индейки

Ужо на наступным тыдні ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» паставіць у крамы вобласці пробную партыю мяса індычкі, якое славіцца сваімі выдатнымі смакавымі якасцямі. Пра гэта падчас нядаўняга міжнароднага форуму птушкаводаў у Наваполацку паведаміў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Калодзіч.

– Да святочнага стала жыхары Віцебшчыны змогуць набыць нашу першую прадукцыю, – расказаў Аляксандр Рыгоравіч. – У наступным годзе плануем вырабіць 1000 тон мяса ў жывым вазе. Лічым новы від дзейнасці перспектыўным. У Францыі і іншых краінах Еўропы ўжо адмаўляюцца ад спажывання цыплят-бройлераў на карысць індычкі, а таксама вадаплаўных птушак – качкі, гусі. Па такім шляху пойдзем і мы.

– У вобласці вядзецца мэтанакіраваная праца па развіцці гэтага напрамку ў птушкагадоўлі, – адзначыў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Уладзімір Машэра.

Ён звярнуў увагу на асаблівую каштоўнасць мяса індычкі, якое валодае дыетычнымі, процівалергеннымі ўласцівасцямі. Сёння людзі з задавальненнем купляюць яго ў крамах. Але цана пакуль што дастаткова высокая. Гэта тлумачыцца тым, што ў краіне ўсяго два вытворцы: у Мінскай і Гродзенскай абласцях. Калі іх стане больш, то, адпаведна, кошт карыснага прадукту будзе меншы.

Вырошчваць індычку ў Гарадку пачалі па даручэнні кіраўніка вобласці. Рынак рэспублікі сёння перанасычаны мясам цыплят-бройлераў, час патрабуе асваення новых відаў прадукцыі. Змяніць профіль падштурхнула і блізкае суседства з буйным канкурэнтам – ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка», якое мае вялікія магчымасці для зніжэння сабекошту.

Закупленае абсталяванне размясцілі на старых плошчах, дзе раней займаліся адкормам цыплят-бройлераў. Сутачных індычанят з Польшчы дастаўляюць спецыялізаваным транспартам. Пастаўшчыкі таксама дзеляцца інфармацыяй аб спосабах кармлення і ўтрымання птушкі.

Спачатку, па словах галоўнага тэхнолага Святланы Езерскай, на птушкафабрыку даставілі 15 тысяч галоў індычкі, днямі завезлі другую партыю ў колькасці 11 тысяч асобін. Тэрмін вырошчвання птушкі – 105 дзён для самак і 140 для самцоў. Гэта ў тры разы даўжэй, чым у куранят-бройлераў. Такое мяса лічыцца спелым, прыдатным для здаровага харчавання.

Нездарма індыкаводства імкліва развіваецца ў Расіі, а будучы ў Польшчы, прадстаўнікі Гарадка заўважылі, што больш дарагую індычаціну ў крамах купляюць у 4 разы часцей, чым кураціну.

Вага адной тушкі індычкі складае 10-20 кг, а курыцы ў сярэднім 2,5 кг. З пункту гледжання камерцыйнай выгады вытворчасць абяцае быць прыбытковай. Разлічваць на пакупніцкі попыт таксама ёсць усе падставы, паколькі мяса куранят у Беларусі выпускаюць 600 тысяч тон у год, а індычкі – толькі 2 тысячы.

Акрамя гандлёвых сетак, дыетычным прадуктам плануецца забяспечыць цэх дзіцячага харчавання Аршанскага мясакансервавага камбіната, які зараз закупляе індычку за межамі вобласці. Ужо ўзгоднены пастаўкі 240 тон філе ў наступным годзе. Дарэчы, кілаграм нашай дамарослай індычаціны павінен каштаваць каля 70 тысяч рублёў.

Акрамя мяса індычкі, на Гарадоцкай птушкафабрыцы працягваюць вырабляць курыныя і перапёлавыя яйкі, апошнія не раз удастойваліся залатых медалёў на міжнародных выстаўках.

Ларыса Малашаня, «Віцебскія весці».