Гарадоцкае і Полацкае прафсаюзныя аб'яднанні прызнаны лепшымі ў вобласці

У Віцебскім абласным аб’яднанні прафсаюзаў фінішаваў першы агляд-конкурс на лепшае раённае, гарадское аб’яднанне прафсаюзаў.

Камісія на чале са старшынёй ВАОП Іванам Вазьміцелем ацэньвала вынікі дзейнасці 23 аб’яднанняў за 2016 год па напрамках: стварэнне пярвічак, калектыўна-дагаворнае рэгуляванне, узаемадзеянне з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, прававыя прыёмы грамадзян, ахова працы, культурна-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы і інш.

У выніку, паведаміла начальнік арг аддзела ВАОП Ірына Давыдоўская, лепшымі прызнаны Гарадоцкае райпрафаб’яднанне (у складзе – 64 пярвічкі, старшыня Ірына Дарашчэнка) і Полацкае (230 пярвічак) на чале з дэлегатам 5-га Усебеларускага народнага сходу Святланай Янічак. У гэтых раёнах наладжана структура сацыяльнага партнёрства, мясцовыя трохбаковыя пагадненні паміж райвыканкамамі, аб’яднаннямі прафсаюзаў і наймальнікамі найбольш адпавядаюць нормам Генеральнага і абласнога пагадненняў.

 Вядзецца маніторынг аплаты працы, занятасці і сацыяльных гарантый у арганізацыях рэгіёнаў. За мінулы год на Гарадоччыне створана 5 пярвічак, на Полаччыне – 12. У абодвух райпрафаб’яднаннях плённа дзейнічаюць маладзёжныя саветы. Вялікая ўвага надаецца адпачынку і прапагандзе здаровага ладу жыцця. Прыклад таму – удзел у рэгіянальным этапе конкурсу «Новыя імёны Беларусі» і Тыдні прафсаюзнай культуры.

Галіна Шпакоўская, «Віцебскія весці». Фота з адкрытых крыніц.