Гарадская дзіцячая пляцоўка з'явілася ў Глыбокім
4 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Гарадская дзіцячая гульнявая пляцоўка з'явілася ў Глыбокім. Урачыстае адкрыццё новага аб'екта адбудзецца 14 жніўня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Аляксей Янкевіч.
Гульнявая пляцоўка "Планета дзяцінства" агульнай плошчай каля 1 га размешчана на беразе возера Кагальнае з боку ААТ "Купцоў". Тут устаноўлены шматлікія горкі і арэлі, надуўныя атракцыёны, батуты, малыя архітэктурныя формы, абсталяваны тэнісны корт, дарожкі для катання на роліках і роварах, пляцоўка для катання малышоў на электрамабілях, якая зімой ператвараецца ў каток. Арэндаваць спартыўны інвентар дзеці і іх бацькі могуць у размешчаным побач пункце пракату. З улікам блізкасці возера тут таксама ўстаноўлена двухпавярховая выратавальная вышка.
"На стварэнне гэтага аб'екта спатрэбілася больш за Br300 млн. Свой уклад унеслі ўсе прадпрыемствы і арганізацыі раёна", - падкрэсліў Аляксей Янкевіч.
Знамянальную падзею жыхары Глыбокага адзначыць вялікім святам. Так, на дзіцячай пляцоўцы адбудзецца выступленне ўзорнага цырка Шаркаўшчынскага Дома культуры, пройдуць спаборніцтвы па паркуры. На цэнтральнай плошчы райцэнтра сваё майстэрства прадэманструе латвійскі танцавальны калектыў "Гайда" (г.Прэлі), пасля чаго за тытул самай прыгожай дзяўчыны пазмагаюцца першыя прыгажуні горада. Увечары гасцей свята чакае канцэрт з удзелам Дзядзькі Вані і Галіны Шышковай, а таксама фестываль электроннай музыкі ад лепшых дыджэяў раёна.-0-