Гарадская федэрацыя лёгкай атлетыкі будзе створана ў Віцебску
23 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гарадская федэрацыя лёгкай атлетыкі будзе створана ў Віцебску для папулярызацыі і развіцця "каралевы спорту", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму гарвыканкама Дзмітрый Скорынка.
У цяперашні час у абласным цэнтры падрыхтоўку лёгкаатлетаў ажыццяўляюць сем вучэбна-спартыўных устаноў абласнога падпарадкавання, у горадзе атрымалі развіццё 20 відаў гэтага папулярнага віду спорту. Гарадская федэрацыя заклікана стаць адзіным цэнтрам, які будзе адсочваць і займацца пытаннямі развіцця дзіцяча-юнацкага спорту, аказваць дапамогу ў стварэнні ўмоў для падрыхтоўкі рэзерву нацыянальнай і зборных каманд Беларусі, адзначыў Дзмітрый Скорынка. З'яўленне ў абласным цэнтры такой грамадскай арганізацыі таксама дазволіць больш эфектыўна вырашаць іншыя задачы, накіраваныя на прыцягненне да заняткаў спортам падрастаючага пакалення, выяўленне таленавітых дзяцей, каардынацыю дзейнасці спартвустаноў. Арганізацыйную працу па стварэнні гарадской федэрацыі плануецца завяршыць у кастрычніку бягучага года.
Акрамя таго, для актывізацыі развіцця лёгкай атлетыкі ў Віцебску плануецца стварыць гарадскую спартыўную школу, якая будзе спецыялізавацца на падрыхтоўцы лёгкаатлетаў. У мэтах умацавання матэрыяльнай базы спартвустаноў прапрацоўваецца пытанне аб будаўніцтве лёгкаатлетычнага манежа на 3,5 тыс. месцаў, які адпавядае міжнародным стандартам. Сёння асноўнымі цэнтрамі трэніровак і правядзення спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы ў абласным цэнтры з'яўляюцца крыты манеж вучылішча алімпійскага рэзерву і лёгкаатлетычнае ядро Віцебскага цэнтральнага спартыўнага комплексу, на арэнду якіх у спартвустаноў не заўсёды хапае фінансавых сродкаў.
Усяго ў Віцебску лёгкай атлетыкай займаюцца больш за тысячу спартсменаў, іх рыхтуюць каля 80 трэнераў. У нацыянальную каманду па лёгкай атлетыцы ўваходзяць 30 спартсменаў горада, у 2008 годзе тры прадстаўнікі абласнога цэнтра прынялі ўдзел у XXIX Алімпійскіх гульнях у Пекіне. У мінулым годзе ў Віцебску праведзена 17 лёгкаатлетычных спаборніцтваў з удзелам больш за 5 тыс. спартсменаў, 50 віцебскіх лёгкаатлетаў выканалі разрадныя нормы майстра спорту, кандыдата ў майстры спорту і 1-га разраду. Шэсць лепшых спартсменаў атрымліваюць персанальную гарадскую стыпендыю ў памеры пяці базавых велічынь.-0-