Гарадскія транспартныя паркі Беларусі да 2013 года папоўняцца 947 тралейбусамі і 133 трамваямі
4 чэрвеня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Урад Беларусі зацвердзіў Дзяржаўную праграму забеспячэння гарадоў наземным гарадскім электрычным транспартам на 2009-2013 гады. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў Беларусі №686, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Апараце Саўміна.
Як распавёў карэспандэнту БЕЛТА кансультант аддзела пасажырскіх перавозак упраўлення аўтамабільнага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Андрэй Глаўкі, мерапрыемствы праграмы дапамогуць павысіць акупнасць перавозак пасажыраў гарадскім электрычным транспартам, скараціць аб'ём бюджэтных субсідый на пакрыццё выдаткаў, неабходных на арганізацыю такіх перавозак. Гэта стане магчымым за кошт абнаўлення тралейбуснага і трамвайнага парку краіны, мадэрнізацыі яго інфраструктуры, развіцця маршрутнай сеткі.
У ходзе выканання праграмы гарадскія паркі рухомага саставу папоўняцца 947 тралейбусамі і 133 трамваямі. Так, у Брэсце закупяць 45 новых тралейбусаў, Віцебску - 70, Гомелі - 107, Гродне - 63, Магілёве - 112, Бабруйску - 30, Мінску - 520. Акрамя гэтага, 65 новых трамваяў выйдуць на гарадскія маршруты Мінска, 50 - Віцебска, 18 - Наваполацка.
Асаблівая ўвага будзе нададзена развіццю інфраструктуры гарадскога транспарту. На працягу бліжэйшых чатырох гадоў у краіне будзе пабудавана 156,99 км тралейбусных і 20,52 км трамвайных ліній, адрамантавана 103,926 км тралейбусных і 112,58 км трамвайных пуцей. Абновіцца і знешні выгляд прадпрыемстваў, якія забяспечваюць эксплуатацыю і рамонт гарадскога рухомага саставу. Так, у Мінску і Гродне пабудуюць і ўвядуць у строй новыя тралейбусныя дэпо, у Наваполацку і Віцебску - рэканструююць трамвайныя.
Асобна ў праграме прапісаны мерапрыемствы па выкарыстанні ў сістэме гарадскога электрычнага транспарту новых тэхналогій. У прыватнасці, дакументам прадугледжана паэтапнае ўкараненне ў гарадах краіны аўтаматызаваных сістэм кіравання рухам тралейбусаў і трамваяў з прымяненнем айчынных тэхнічных сродкаў. Да прыкладу, у Мінску плануецца асвоіць аўтаматызаваную сістэму безнаяўных разлікаў для праезду пасажыраў у тралейбусах і трамваях. Распрацоўка навінкі ўжо пачалася.
Асаблівы імпульс праграма надасць развіццю ў Беларусі навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ у транспартнай сферы. У бліжэйшыя гады ў краіне плануецца распрацаваць новыя мадэлі тралейбусаў і трамваяў са зніжаным узроўнем шуму і вібрацыі, а таксама павышанай камфортнасцю, эканамічнасцю і бяспекай. Будзе створаны сучасны механізаваны комплекс машын і механізмаў для будаўніцтва і рэканструкцыі трамвайных пуцей на базе прадукцыі айчыннага машынабудавання, распрацаваны новыя тыпы канструкцый трамвайных ліній, якія дазволяць скараціць выдаткі на ўтрыманне айчыннай пуцявой гаспадаркі.-0-