Гарадскі пасёлак Копысь атрымае статус культурна-дзелавога цэнтра

Городской поселок Копысь приобретет статус культурно-делового центра
Маяком для ўсіх малых населеных пунктаў рэспублікі з пункту гледжання ўдасканалення сацыяльнай інфраструктуры павінен стаць гарадскі пасёлак Копысь Аршанскага раёна. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб перспектывах развіцця малых населеных пунктаў Аршанскага і Шклоўскага раёнаў.

Перад нарадай Аляксандр Рыгоравіч наведаў ганчарныя майстэрні Цэнтра народнай творчасці і рамёстваў, які быў адкрыты пяць гадоў таму па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Тут працуюць ганчары, майстры па саломкапляценні, вышыўцы, ткацтве і лозапляценні. Вялікую частку мастацкай прадукцыі рэалізуюць у салоне-краме ў Копысі. Аднак цэнтр існуе за кошт бюджэтных сродкаў, зарабляючы на продажы толькі 11%.

Прэзідэнт падкрэсліў важнасць захавання народных рамёстваў, але зрабіў акцэнт на тым, што цэнтр павінен развівацца больш актыўна і выйсці на самаакупнасць праз два гады. Бо рэнтабельныя прадпрыемствы, якія забяспечваюць працоўныя месцы, – гэта аснова аграгарадкоў, за якімі будучыня. 

У самым пачатку нарады, у якой прынялі ўдзел старшыні Віцебскага і Магілёўскага аблвыканкамаў Мікалай Шарснёў і Уладзімір Даманеўскі, Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што пытанне стаіць значна шырэй, чым будучыня асобна ўзятых тэрыторый у адпаведных раёнах, неабходна на новы ўзровень развіцця падняць беларускую вёску.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, дзякуючы праведзенай у свой час мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі мы атрымалі пэўны вопыт развіцця вёскі ў цэлым. Цяпер стаіць задача ісці далей.

У якасці эксперыменту прапануецца аб'яднаць некалькі аграгарадкоў Магілёўшчыны ў экспартаарыентаваны высокатэхналагічны холдынг з поўным цыклам вытворчасці. Для гэтай мэты выбралі сярэднія гаспадаркі – «Амкадор-Шклоў», «Новае Юбілейнае» і «Вялікія Славені». Чаму?

– Калі б мы ўзялі лепшыя і пачалі глядзець праз іх у будучыню, мы былі б падвергнуты крытыцы тымі кіраўнікамі, спецыялістамі і сялянамі, якія жывуць у горшых і стратных гаспадарках, – падкрэсліў Прэзідэнт і дадаў, што нам трэба стварыць узорную гаспадарку будучыні, не ператвараючы вёску ў горад.

– Вытворчасць і людзі – гэта добра, – удакладніў кіраўнік дзяржавы. – Але патрэбны яшчэ перапрацоўка і рэалізацыя прадукцыі. Калі ўвесь цыкл у адных руках, тады ёсць прыбытак.
На думку Аляксандра Рыгоравіча, падняўшы на новую прыступку сельскагаспадарчыя вытворчасці і стварыўшы годныя ўмовы жыцця для людзей, мы такім жа чынам павінны ісці па ўсёй краіне. Мы павінны зрабіць крок наперад, прыцягваючы ініцыятыву і прыватны капітал.
Гаворачы аб вытворчай сферы, Аляксандр Лукашэнка заклікаў ні ў якім разе не спрашчацца, а ўкараняць самыя перадавыя тэхналогіі, каб у далейшым нічога не выпраўляць і не плаціць вялікіх грошай.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў адзначыў, што неабходна стварыць камфортныя ўмовы для пражывання ў Копысі. Сферу паслуг асучасніць менавіта з улікам ухілу ў турызм, таму што ёсць вельмі багатая гістарычная спадчына. Генеральны план развіцця гарадскога пасёлка прадставіла дырэктар прадпрыемства «Інстытут Віцебскграмадзянпраект» Наталля Косабука.



– Мы прыехалі ў Копысь вялікай групай спецыялістаў, абышлі кожную вуліцу, пагаварылі з насельніцтвам, – адзначыла Наталля Васільеўна. – Мы бачым далейшае развіццё пасёлка, перш за ўсё, у стварэнні бяспечных і нармальных умоў для пражывання. Для гэтага неабходна палепшыць і пашырыць сферу паслуг, навесці парадак на тэрыторыі населенага пункта са захаваннем культуры, гісторыі і этнаграфічных асаблівасцей рэгіёна.

Па словах Наталлі Косабука, канцэпцыя развіцця гарадскога пасёлка складаецца з ушчыльнення жылога асяроддзя і будаўніцтва дадатковай інжынерна-транспартнай інфраструктуры, добраўпарадкавання левабярэжжа Дняпра з абсталяваннем спускаў да вады шляхам стварэння драўляных лесвіц і прычалаў. Генплан уключае ў сябе таксама стварэнне экалагічнай сцежкі, паркавай і пляжных зон, рэстаўрацыю Петроўскага вала, рэканструкцыю вулічнай дарожнай сеткі, у тым ліку будаўніцтва аб'язной дарогі, узвядзенне аб'ектаў для заняткаў спортам і многае іншае. На ўсё, па папярэдніх падліках, спатрэбіцца каля 58 млн рублёў. Аляксандр Лукашэнка канцэпцыю, дзякуючы якой пасёлак набые статус культурна-дзелавога цэнтра, адобрыў, і даручыў ужо да 1 чэрвеня 2017 года завяршыць першы этап работ.

– Тут павінны навесці ідэальны парадак. Без шалёных выдаткаў, а ад душы і па-гаспадарску. І ўся рэспубліка пойдзе па вашых слядах. Гэта будзе добры ўзор для іншых пасёлкаў і аграгарадкоў, – сказаў Прэзідэнт. – Нам не трэба ператвараць вёскі ў гарады. Але калі мы пачнем ствараць умовы, людзі з гарадоў паедуць жыць сюды.

Алена СЫС, " Віцебскія весці", фота БЕЛТА.

На фота: 12 лістапада Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Цэнтр народнай творчасці і рамёстваў гарадскога пасёлка Копысь Аршанскага раёна, дзе азнаёміўся з працай ганчарнай майстэрні.