Дзяржінспекцыя працы адзначае рост гібелі і траўматызму на прадпрыемствах Віцебскага аблспажыўсаюза

16 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дзяржінспекцыя працы занепакоена ростам гібелі і траўматызму на прадпрыемствах Віцебскага аблспажыўсаюза, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны дзяржаўны інспектар Віцебскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Беразяк. Паводле яго слоў, за студзень-кастрычнік бягучага года на прадпрыемствах і ў арганізацыях сістэмы Віцебскага аблспажыўсаюза адбылося 3 няшчасныя выпадкі на вытворчасці, з іх 1 са смяротным і 2 з цяжкім зыходам, у той час як за аналагічны перыяд 2011 года ў рэгіёне быў зарэгістраваны толькі адзін выпадак цяжкага траўматызму. Выпадак гібелі адбыўся ў прыватным кааператыўным рамонтна-будаўнічым унітарным прадпрыемстве "Глыбоцкая перасоўная механізаваная калона". Пры правядзенні земляных работ у кастрычніку ў траншэі апынуўся засыпаны зямлёй слесар-сантэхнік. Спецыяльнае расследаванне па гэтым здарэнні цяпер вядзецца. У ходзе правядзення праверак па пытаннях выканання заканадаўства аб працы і аб ахове працы ў сістэме аблспажыўсаюза інспектарамі быў выяўлены шэраг істотных недахопаў, адзначыў Алег Беразяк. У прыватнасці, служба аховы працы прадпрыемстваў слаба ўкамплектавана, адсутнічае належны кантроль за выкананнем нарматыўных прававых актаў па ахове працы, забеспячэннем работнікаў спецыяльным адзеннем, абуткам і іншымі неабходнымі сродкамі індывідуальнай абароны ў адпаведнасці з устаноўленымі нормамі. Асобны блок пытанняў датычыцца выканання работнікамі працоўнай дысцыпліны, прыцягнення іх да адказнасці. Па выніках праведзенага маніторынгу, Віцебскае абласное ўпраўленне дэпартамента Дзяржінспекцыі працы накіравала адпаведнае прадстаўленне кіраўніцтву Віцебскага аблспажыўсаюза з патрабаваннем ліквідаваць выяўленыя парушэнні, прыняць усе неабходныя меры па забеспячэнні бяспечных умоў працы работнікаў, а таксама ўзмацніць кантроль за выкананнем апошнімі працоўнай і вытворчай дысцыпліны ў адпаведнасці з патрабаваннямі Дырэктывы №1 "Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны".-0-