Дзяржорганы павінны стымуляваць стварэнне высокапрадукцыйных працоўных месцаў - Леанід Анфімаў
Органы дзяржаўнага кіравання павінны зрабіць акцэнт у працы на стымуляванні стварэння высокапрадукцыйных працоўных месцаў. Пра гэта заявіў журналістам старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў па выніках наведвання ТАА "Мадэрн-Экспа" у Віцебску.
"Неабходна ствараць працоўныя месцы ва ўсіх сферах дзейнасці, але галоўны акцэнт дзяржорганы павінны рабіць (і гэтага ад нас пастаянна патрабуе Прэзідэнт) на стымуляванні арганізацыі высокапрадукцыйных працоўных месцаў, заснаваных на інавацыйных тэхналогіях", - падкрэсліў кіраўнік кантрольнага ведамства. Для гэтага ў Беларусі ёсць усё неабходнае, а галоўнае - навуковы і вытворчы патэнцыял, пры гэтым трэба арыентаваць у патрэбным напрамку людзей, здольных і гатовых ствараць адпаведныя вытворчасці. Узорам такой працы з'яўляецца віцебскае ТАА "Мадэрн-Экспа", якое з'яўляецца падраздзяленнем аднайменнага міжнароднага холдынгу і створана з удзелам інвестараў з Нідэрландаў, Украіны, Польшчы і Беларусі вясной 2017 года.
Завод спецыялізуецца на вытворчасці высокатэхналагічнага гандлёвага абсталявання, пры гэтым прадпрыемства прадастаўляе партнёрам комплексныя рашэнні ў галіне рэтэйлу. На дадзеным этапе ў Віцебску выпускаюцца гандлёвыя стэлажы і касавыя боксы. У перспектыве плануецца вырабляць поўны спектр прадуктаў для гандлю з партфеля холдынгу, у тым ліку паштаматы - шматфункцыянальны аўтаматызаваны пункт адпраўкі, захоўвання і выдачы пасылак і тавараў, які працуе кругласутачна. Толькі на аснашчэнне завода перадавым абсталяваннем накіравана каля 8 млн еўра, пры гэтым шэраг станкоў і вытворчых ліній унікальныя для Беларусі, а каля 80% працэсаў аўтаматызаваны. Сёння на прадпрыемстве працуюць больш за 300 спецыялістаў, а з новага года завод плануе перайсці на трохзменны рэжым працы, для чаго будуць дадаткова створаны 100 працоўных месцаў. ТАА "Мадэрн-Экспа" з'яўляецца рэзідэнтам СЭЗ "Віцебск".