Дзяржстандарт запусціў тэлеграм-канал
Тут можна даведацца ўсё пра небяспечную, забароненую да ўвозу і продажу ў краіне прадукцыю. Гэтая інфармацыя дапаможа зрабіць жыццё беларусаў бяспечней, а гандлю — пазбегнуць непрыемных наступстваў, якія могуць узнікнуць з-за рэалізацыі не якасных тавараў.
Знайсці тэлеграм-канал можна па спасылцы, а таксама набраўшы ў пошукавым радку словы «бяспека і якасць» ці «gosstandartby».
Паведамленні абазначаюцца тэматычнымі хэштэгамі (#), што палягчае ў выпадку неабходнасці пошук патрэбнай інфармацыі. Напрыклад, калі цікавіць інфармацыя толькі пра прадукты харчавання, то неабходна ўсяго толькі націснуць у замацаваным ці апублікаваным паведамленні #прадукты_харчавання. І ўся інфармацыя, апублікаваная па дадзенай тэме, адразу з'явіцца на экране.
Таксама ў тэлеграм-канале можна азнаёміцца з найбольш важнымі для спажыўцоў патрабаваннямі тэхнічных рэгламентаў і стандартаў, экспертнымі думкамі, зазірнуць «за кулісы» выпрабавальных лабараторый, даведацца, дзе і як выпрабоўваюць тавары, як не даць сябе падмануць. У далейшым кантэнт будзе пашырацца.