Госці Бярэзінскага запаведніка адзначаць навагоднія святы ў кампаніі Балотніка
Навагоднія святы госці ДПУ "Бярэзінскі біясферны запаведнік" будуць адзначаць у кампаніі Балотніка. Гэты казачны персанаж, які з'яўляецца мясцовым талісманам, цяпер і зімой будзе забаўляць турыстаў у кампаніі Дзядулі Мароза і Снягуркі, паведамілі ў прыродаахоўнай установе.
Навагоднія святы госці ДПУ "Бярэзінскі біясферны запаведнік" будуць адзначаць у кампаніі Балотніка. Гэты казачны персанаж, які з'яўляецца мясцовым талісманам, цяпер і зімой будзе забаўляць турыстаў у кампаніі Дзядулі Мароза і Снягуркі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у прыродаахоўнай установе.
Міфалагічны персанаж, далёкі сваяк лясуна, атрымаў прапіску на мяжы Мінскай і Віцебскай абласцей у 2011 годзе не выпадкова. 60% плошчы запаведніка займаюць балоты. Балотнік звычайны, "чырвонакніжны" від, як называюць яго ва ўстанове, звычайна сустракае наведвальнікаў на маршрутах па лясных запаведных сцежках у цёплы сезон. Але цяпер яму як паўнапраўнаму гаспадару гэтых месцаў адведзена вялікая роля і ў навагодняй анімацыйнай праграме.
Пакуль у запаведніку заняты падрыхтоўкай да зімовых святаў, Балотнік адправіцца 29 лістапада ў рэзідэнцыю беларускага Дзядулі Мароза ў Белавежскай пушчы. Тут на масавым турысцкім свяце "Сустрэча Матухны Зімы і Снягуркі" адбудзецца урачыстае адкрыццё Алеі казачнай славы, на якой будуць прадстаўлены скульптуры ўсіх персанажаў - удзельнікаў праекта "Казачная карта Беларусі і Расіі". Брэнд Бярэзінскага запаведніка зойме на алеі сваё ганаровае месца.
Візіт ва ўладанні Балотніка на сённяшні дзень служыць альтэрнатывай папулярнай раней навагодняй праграме ў Зюзі Паазерскага ў Пастаўскім раёне. Гэты аўтэнтычны персанаж другі сезон запар трымае дзверы сваёй рэзідэнцыі зачыненымі. Таму ў Бярэзінскім запаведніку чакаюць вялікі наплыў гасцей, у тым ліку з іншых абласцей і Смаленска. Навагодняя праграма для дзіцячых груп пачынаецца 15 снежня і заканчваецца 15 студзеня. Тур уключае экскурсію ў Музеі прыроды "Жывёльны свет запаведніка", забаўляльную праграму ля навагодняй елкі, катанне на санях, наведванне Дома экалагічнай асветы з праглядам фільма пра запаведнік, абед у кафэ і экскурсію ў вальерах з дзікімі жывёламі "Лясны заапарк". Ужо зараз ідзе актыўны запіс праз турыстычныя кампаніі і ўстановы адукацыі. Практычна ўсе выхадныя дні распісаны.
Усяго за 10 месяцаў бягучага года Бярэзінскі біясферны запаведнік прыняў каля 33,5 тыс. турыстаў, што на 5,4 тыс. больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Кацярына Князева