Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці пяройдзе на захоўванне дакументаў у электронным выглядзе

У Віцебску ў канферэнц-зале абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна прайшло ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 100-годдзю дзяржаўнага архіўнага будаўніцтва на Віцебшчыне і 80-годдзю Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.

Прывітаўшы прысутных, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін адзначыў, што за апошнія гады ў рэгіёне нямала зроблена па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы архіўнай службы, якая з'яўляецца адной з асноўных у сацыяльнай сферы. Ён выказаў падзяку архівістам за працу і запэўніў, што абласныя ўлады і надалей будуць дапамагаць ім у развіцці.

Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Віктар Кураш паведаміў, што супрацоўнікам у бліжэйшы час трэба будзе вырашаць складаныя задачы.

Паводле рашэння ўрада Беларусі да 2021 года архівісты пяройдуць на захоўванне дакументаў у электронным выглядзе.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама Сяргея Канапелька, у справе захавання спадчыны краю Віцебшчына мае глыбокія традыцыі, якія закладваліся ў часы Полацкага княства і ВКЛ. Сёння архіўная служба ўяўляе сабой магутны і самадастатковы арганізм. Супрацоўнікі знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку. Сяргей Канапелько падзякаваў архівістаў за працу па стварэнні выставы «Судовы выканаўца на старонках гісторыі (сярэдзіна XVI ст. – пачатак XXI ст.)», якая не мае аналагаў на прасторах СНД і ў бліжэйшых суседзяў.

Дырэктар Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Таццяна Свістунова расказала, што калектыў паспяхова працягвае публікацыйную дзейнасць, чаму спрыяюць надзейныя партнёрскія адносіны з рэспубліканскімі архівамі, музеямі абласнога цэнтра, ВДУ імя П. Машэрава.

Дырэктар Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Таццяна Свістунова: Рэальная ацэнка працы сённяшніх архівістаў будзе дадзена нашымі нашчадкамі гадоў праз сто. І спадзяёмся, што яна будзе станоўчай.

Пасля ўрачыстай часткі і ўзнагароджання выдатнікаў працы прайшлі чытанні «Архіўная справа на Віцебшчыне: гісторыя і сучаснасць», у якіх удзельнічалі гісторыкі і краязнаўцы.

"Віцебскія весці".