Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі падарыў да Новага года кадэтам з Лужэсна камп'ютарную тэхніку
Сустрэча выхаванцаў вучылішча з Аляксандрам Шуміліным праходзіла ў бібліятэцы і не абмежавалася ўручэннем падарункаў. Старшыня камітэта расказаў старшакласнікам пра апошнія навіны ў сусветнай і айчыннай навуцы, цікавыя гістарычныя факты, актуальныя напрамкі дзейнасці ДКНТ. Кадэты жыва цікавіліся інавацыйнымі распрацоўкамі, задавалі пытанні пра развіццё навукі, міжнароднае супрацоўніцтва і сумесныя праекты з іншымі краінамі, унікальныя распрацоўкі беларускіх вучоных, перспектыўныя і тыя напрамкі, у якіх беларусы з'яўляюцца заканадаўцамі моды. Зацікаўлены дыялог доўжыўся больш за гадзіну, пасля чаго кадэты падзякавалі Аляксандра Шуміліна і запрасілі на экскурсію па вучылішчы. Госцю паказалі, як змянілася навучальная ўстанова з моманту яго папярэдняга візіту - пахваліліся новым спальным корпусам, у які выхаванцы пасяліліся мінулай зімой, расказалі пра свае дасягненні.
Дабрачынная навагодняя акцыя "Нашы дзеці" праходзіць у Беларусі з 10 снежня 2015 года па 10 студзеня 2016 года. Па традыцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, канцэрнаў, банкаў, грамадскіх аб'яднанняў наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апекунскія і прыёмныя сем'і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя бальніцы. Удзельнікі акцыі віншуюць дзяцей з Новым годам і Калядамі і ўручаюць ім падарункі.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Віцебскае кадэцкае вучылішча" створана ў 2011 годзе на базе Лужаснянскай школы-інтэрната-гімназіі для адораных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці, якая вяла сваю гісторыю з 1994 года. У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай "Дзеці Беларусі" на тэрыторыі гімназіі ў 2009 годзе ўзведзены культурна-аздараўленчы цэнтр, які ўключае ў сябе актавую залу на 275 месцаў, спартыўную залу для гульнявых відаў спорту з трыбунамі на 300 месцаў, 25-метровы плавальны басейн на пяць дарожак з сучаснай сістэмай ачысткі вады, трэнажорныя залы.
Кадэцкае вучылішча - установа агульнай сярэдняй адукацыі, якая выконвае таксама задачы атрымання навучэнцамі (кадэтамі) першасных ведаў і навыкаў, неабходных для службы ва Узброеных Сілах, органах памежнай службы, унутраных войсках, Следчым камітэце, Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, органах унутраных спраў, органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях. У вучылішчы навучаюцца юнакі і дзяўчаты 8-11 класаў.
Алена Ціханава, БЕЛТА.