Дзяржаўны сацыяльны заказ у 2014 годзе будзе ўкараняцца ў шасці раёнах Віцебскай вобласці

Механізм рэалізацыі дзяржаўнага сацыяльнага заказу ў 2014 годзе плануецца ўкараніць у шасці раёнах Віцебскай вобласці. Пра гэта паведаміла журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, старшыня абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Галіна Жаланава.

Яна падкрэсліла, што Віцебшчына актыўна ўключылася ў рэалізацыю новай рэдакцыі закона аб сацыяльным абслугоўванні, бо ў жыхароў вобласці існуе вялікая патрэба ў аказанні розных відаў дапамогі. Гэта абумоўлена тым, што ў агульнай структуры насельніцтва рэгіёну доля пажылых людзей самая вялікая ў рэспубліцы. "У вобласці праводзіліся сацыялагічныя даследаванні, якія паказалі, што попыт на сацыяльныя паслугі значна перавышае прапанову. На сённяшні дзень удаецца задавольваць толькі 25% патрэбаў уразлівых катэгорый грамадзян, - сказала Галіна Жаланава. - Да прыкладу, тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прадастаўляюць паслугі 10 тыс. адзінокіх грамадзян, а іх у нас каля 100 тыс. Толькі адзінокіх інвалідаў у Віцебскай вобласці 7 тыс. чалавек".

Павышэнне якасці жыцця насельніцтва - адна з прыярытэтных задач нашай дзяржавы. "З прыняццем новай рэдакцыі закона аб сацыяльным абслугоўванні ў грамадскіх аб'яднанняў і недзяржаўных арганізацый з'явілася магчымасць удзельнічаць у сацыяльным абслугоўванні насельніцтва. Цяпер ідзе апрабацыя новых метадаў працы і выпрацоўка практычных механізмаў рэалізацыі нарматыўных актаў. У Віцебскай вобласці эксперыментальнай пляцоўкай стаў Наваполацк. Тут ужо працуюць 5 медсясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа, якія абслугоўваюць на даму 46 чалавек", - растлумачыла Галіна Жаланава.

Сёння ў Віцебску пачаў працу двухдзённы трэнінг "Нацыянальная сістэма сацыяльнага заказу. Нацыянальны механізм перанакіравання: стандарты ідэнтыфікацыі і аказання дапамогі ахвярам гандлю людзьмі". У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, НДІ працы, Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра, прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Віцебскага аблвыканкама, раённых адміністрацый горада Віцебска, выканкамаў Лепельскага, Лёзненскага і Пастаўскага раёнаў, а таксама тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і грамадскіх арганізацый гэтых рэгіёнаў.

У ходзе трэнінгу ўдзельнікі азнаёмяцца з вынікамі навукова-даследчай працы па распрацоўцы стандартаў якасці сацыяльных паслуг, абмяркуюць пытанні вызначэння прыярытэтных паслуг для фарміравання і размяшчэння дзяржаўнага сацыяльнага заказу. Будзе дадзена ацэнка магчымасцей прымянення механізму дзяржаўнага сацыяльнага заказу ў раёнах вобласці.

Алена Ціханава.