Дзяржава будзе рэгуляваць цэны на прадукцыю манапалістаў і сацыяльна значныя тавары
4 студзеня, Мінск /Лілія Крапівіна - БЕЛТА/. Дзяржава будзе рэгуляваць цэны на прадукцыю манапалістаў і сацыяльныя тавары. Аб гэтым заявіў сёння журналістам намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, каментуючы Дырэктыву №4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Развіццё канкурэнцыі павінна быць усюды, дзе гэта магчыма, а дзяржаўнае рэгуляванне - там, дзе гэта неабходна", - падкрэсліў Андрэй Тур. Дырэктывай №4 прадугледжана дзяржаўнае цэнавае рэгуляванне толькі ў дачыненні да прадукцыі арганізацый манапалістаў і на сацыяльна значныя тавары. Такая антыманапольная палітыка будзе спрыяць развіццю канкурэнтнага асяроддзя. Пры гэтым вытворца, імпарцёр і прадавец будуць несці поўную адказнасць за якасць тавараў і паслуг. Такім чынам, не толькі дзяржава і дзяржорганы нясуць адказнасць за якасць тавару, але і бізнес-асяроддзе ўключаецца ў гэту адказнасць, адзначыў намеснік міністра.
Рэгуляванне цэн пры гэтым не азначае магчымасць іх росту, падкрэсліў Андрэй Тур. Паводле яго слоў, Дырэктыву №4 нельга разглядаць па нейкіх частках. "Яна накіравана ў цэлым на развіццё канкурэнтнай, добрасумленнай, паўнавартаснай адказнасці вытворцы, імпарцёра і прадаўца. А калі такая адказнасць ёсць, то цэны, нават калі яны адпушчаны на свабоду, у такіх умовах не будуць расці, таму што яны абмежаваны ўмовамі добрасумленнай канкурэнцыі", - сказаў Андрэй Тур.
Каб было забяспечана адназначнае прававое рэгуляванне і стабільнае заканадаўства аб прадпрымальніцкай дзейнасці, прадугледжваецца абавязковае грамадскае абмеркаванне праектаў нарматыўна-прававых актаў. Такая праца можа аказаць уплыў на ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці на новым узроўні, лічыць Андрэй Тур. Гэта значыць, прадпрымальнікі як суб'екты гаспадарання, іх аб'яднанні разам з органамі дзяржаўнага кіравання, у тым ліку ў рэгіёнах, будуць удзельнічаць у абмеркаванні новых нарматыўна-прававых актаў, якія тычацца развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Гэта праца будзе праводзіцца на ўзроўні грамадска-кансультатыўных, экспертных і іншых саветаў.
Аналізуючы працу, зробленаму па падрыхтоўцы Дырэктывы №4, Андрэй Тур адзначыў, што "гэта палітычны дакумент, які вызначае палітычную мэту і рух да яе". У ім важны прынцыпы, якія закладваюцца па развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і дзелавой актыўнасці. "Дакумент атрымаўся вялікі, ёмісты, комплексны. У бліжэйшы час Міністэрства эканомікі прыступіць да падрыхтоўкі праекта плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы № 4", - дадаў намеснік міністра.-0-