Дзяржава і праваслаўная царква: аспекты супрацоўніцтва абазначылі ў Віцебскім аблвыканкаме

Праграма мер па выкананні Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой у Віцебскай вобласці на 2016 – 2020 гады была падпісана ў аблвыканкаме 31 жніўня. Гэты важны дакумент завізіравалі ад імя аблвыканкама – старшыня Мікалай Шарснёў, ад Віцебскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы – архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый, Полацкай епархіі БПЦ – архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.


Адкрываючы цырымонію, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў адзначыў, што царква стала адным з найважнейшых сацыяльных інстытутаў, чый гістарычны вопыт, духоўны патэнцыял і шматвяковая культурная спадчына аказваюць істотны ўплыў на фарміраванне традыцый беларускага народа. Узаемадзеянне з царквой – важны фактар грамадскай стабільнасці, грамадзянскага адзінства і міжканфесійнага міру на беларускай зямлі. Царкве гарантуецца свабода ўнутраных арганізацый, выкананне культавых абрадаў, іншых відаў дзейнасці, права царкоўнай юрысдыкцыі на сваёй кананічнай тэрыторыі ў межах Канстытуцыі і заканадаўства Беларусі. Для царквы дзяржава – гарант захавання духоўных і культурных традыцый беларускага народа, у тым ліку гістарычна якія фарміраваліся пад уплывам царквы. Адносіны да дзяржавы грунтуюцца на павазе да яго як да сацыяльнага інстытута, прызначанага забяспечыць грамадскі парадак, абараняць нацыянальныя інтарэсы, маральнасць, ахоўваць духоўныя і культурныя каштоўнасці народа. Супрацоўніцтва з дзяржавай актывізуе дзейнасць царквы, пашырае магчымасці для процідзеяння псеўдарэлігійным структурам, небяспечным для асобы і грамадства. Прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва – выхаванне і адукацыя, культура і творчая дзейнасць, ахова, аднаўленне і развіццё культурна-гістарычнай спадчыны, ахова здароўя, сацабеспечанне, міласэрнасць, падтрымка інстытута сям'і, мацярынства і дзяцінства, апека над асобамі ў месцах пазбаўлення волі, выхаваўчая, сацыяльна-псіхалагічная праца зваеннаслужачымі, ахова навакольнага асяроддзя.

Па ўсіх гэтых напрамках шмат зроблена ў рамках Праграмы мер па рэалізацыі Пагаднення ў галіне на 2011 – 2015 гады. Цяпер, як сказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, вельмі важна працягнуць узаемадзеянне дзяржавы і царквы па ўмацаванні маральных устояў грамадства, захаванні культурнай спадчыны і развіцці сацыяльнага служэння.

Віншуючы ўдзельнікаў цырымоніі, Мікалай Шарснёў назваў гэты дзень гістарычным, правільным, а дакумент – залогам таго, што ў грамадстве павінны быць мір, лад, спакой. Архіепіскап Дзімітрый заклікаў бакі выконваць сваю справу з любоўю, згодна запаведзям Божым – тады будзе належны вынік. Архіепіскап Феадосій ад імя епархіі, кліра і паствы выказаў глыбокую падзяку кіраўніцтву краіны і Віцебшчыны за ўсебаковую дапамогу праваслаўнай царкве Беларусі ва ўмацаванні духоўнасці і ў знак удзячнасці падарыў кіраўніку вобласці «Евангелле».

Галіна Шпакоўская. Фота Дзмітрыя Восіпава. «Віцебскія весці».