Дзяржава і царква адзіныя ў пабудове духоўнасці і аднаўленні гуманнага грамадства - А.Косінец

27 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дзяржава і царква адзіныя ў пабудове духоўнасці, аднаўленні справядлівага гуманнага грамадства. Гэта адзначыў сёння на ўрачыстай цырымоніі з нагоды візіту Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў Віцебск старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Цырымонія прайшла на плошчы Перамогі ў Віцебску ля мемарыяльнага комплексу ў гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў вобласці. "Ва ўсіх нашых перамогах і паразах, поспехах і няўдачах, радасцях і засмучэннях, праваслаўная царква заўсёды была з народам і дзяржавай, - сказаў Аляксандр Косінец. - Роля праваслаўнай царквы каласальная, бо яе ідэі служаць міру, справядлівасці, барацьбе са злом". Губернатар нагадаў, што ў штогадовым пасланні кіраўніка дзяржавы беларускаму народу адзначана, што ёсць дзве найважнейшыя каштоўнасці - рэлігія і нацыянальнасць, да якіх неабходна беражліва ставіцца, бо яны забяспечваюць стабільнасць дзяржавы і грамадства. На Віцебскай зямлі мірна ўжываюцца 515 рэлігійных суполак 17 канфесій, пражываюць больш за 60 нацыянальнасцей. Праводзімая ў беларускай дзяржаве этнаканфесійная палітыка забяспечвае мір, стабільнасць і ўзаемаразуменне. Каля 84% насельніцтва Віцебскай вобласці прылічаюць сябе да праваслаўных. Старшыня аблвыканкама адзначыў, што ў вобласці аднаўляюцца 13 храмаў. Завершана рэканструкцыя Дабравешчанскай царквы, Свята-Праабражэнскага сабора, адноўлена Свята-Уваскрасенская царква, вядзецца будаўніцтва Успенскага кафедральнага сабора. Аляксандр Косінец падзякаваў прадстаяцелю Рускай праваслаўнай царквы за наведванне Віцебшчыны.-0-