Дзяржава і надалей будзе падтрымліваць дыялог каталіцкай і праваслаўнай цэркваў - А.Лукашэнка
6 красавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Дзяржава падтрымлівае і надалей будзе падтрымліваць дыялог каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння падчас сустрэчы з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь Тадэушам Кандрусевічам у Мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што стала добрай традыцыяй абмяркоўваць надзённыя праблемы з кіраўніцтвам адной з асноўных канфесій - каталіцкай. "Думаю, што гэта добры сігнал нашаму грамадству, - сказаў Прэзідэнт. - Але я не хацеў бы, каб гэтая сустрэча была чыста паказной, мы павінны абмеркаваць канкрэтныя пытанні, якія назапасіліся за мінулы год. Мы пагаворым таксама ў цэлым аб сітуацыі ў рэлігійным асяроддзі".
"Павінен сказаць, што ваша прысутнасць на Вялікдзень у праваслаўным саборы і наша з вамі сумеснае віншаванне былі годна ўспрыняты ў грамадстве", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Я рады, што такія добрыя адносіны складаюцца паміж каталіцкай і праваслаўнай канфесіямі, для мяне гэта вельмі важна, я буду гэта падтрымліваць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Каталіцкая і праваслаўная цэрквы павінны сумесна адказваць на выклікі сучаснасці, заявіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэуш Кандрусевіч. Ён падкрэсліў важнасць цяперашняй сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы: "Для нас важна, што мы можам весці такі дыялог". Ён адзначыў, што пасля папярэдніх сустрэч з Прэзідэнтам Беларусі, а таксама з Папам Рымскім "многія пытанні былі зняты".
"Для мяне выключна важная магчымасць дыялогу з іншымі канфесіямі, асабліва з праваслаўнай, - сказаў архібіскуп. - Мы - браты па веры і маем тыя ж самыя таінствы і сёння павінны разам адказваць на выклікі сучаснасці, многія з якіх пагрозлівыя. Калі мы разам, нашы галасы гучаць мацней. Тут няма іншай альтэрнатывы. Гэта запавет Ісуса Хрыста: каб усе жылі разам".
Тадэуш Кандрусевіч запэўніў, што і ў далейшым будзе імкнуцца развіваць адносіны з іншымі канфесіямі. "Я проста не бачу іншага выйсця, паколькі сёння вельмі складаны час. Мы бачым, як у многіх краінах Захаду парламенцкай большасцю падтрымліваюцца гомасексуальныя саюзы. Падтрымліваюцца аборты, эўтаназія. А жыццё - гэта самы вялікі дар, які атрымаў чалавек, і ён не павінен выступаць супраць Бога. І ў гэтым пытанні мы адзіныя з праваслаўнай царквой", - адзначыў архібіскуп.
Ён выказаў задавальненне з нагоды таго, што ў Беларусі паміж каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі ўсталяваліся добрыя адносіны. "Мне даводзіцца шмат ездзіць па свеце і сустракацца з людзьмі, не толькі каталікамі, але і прадстаўнікамі іншых канфесій, - сказаў Тадэуш Кандрусевіч. - Яны здзіўляюцца, як удаецца ў Беларусі захаваць такі баланс паміж усімі канфесіямі. Я распавядаю пра тое, што па беларускім тэлебачанні святы Вялікадня і Раства трансліруюцца як з каталіцкіх, так і з праваслаўных храмаў. Мы таксама ўзаемна прысутнічаем на каталіцкіх і праваслаўных канферэнцыях, іншых мерапрыемствах. І гэта вынік не толькі нашых добрых адносін, але і сведчанне міру, што мы імкнемся да адзінства. Вядома, да поўнага адзінства яшчэ доўгая дарога, але яна пачынаецца з першага маленькага кроку. А ў нас ужо зроблены вялікі крок. Я рады таксама, што дзяржава падтрымлівае гэтае імкненне да адзінства. Ад гэтага будзе залежаць будучыня хрысціянства і будучыня нашай краіны, якая павінна будавацца на аснове хрысціянскіх каштоўнасцей". -0-