Дзяржава не абмяжоўвае доступ прыватных карыстальнікаў да інтэрнэт-сайтаў - Генпракуратура
11 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржава не абмяжоўвае доступ прыватных карыстальнікаў да інтэрнэт-сайтаў. Аб гэтым заявіў сёння журналістам начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў Генпракуратуры Павел Радзівонаў, каментуючы паведамленні аб абмежаванні доступу да сайтаў "Хартыя-97" і "Беларускі партызан", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Павел Радзівонаў паведаміў, што 23 сакавіка 2011 года Генпракуратура вынесла пастанову аб унясенні ідэнтыфікатараў гэтых двух інтэрнэт-рэсурсаў у спіс абмежаванага доступу. Аднак ён падкрэсліў, што гэта не азначае поўнага перакрыцця доступу. Гэты спіс датычыцца, у прыватнасці, дзяржаўных устаноў, устаноў адукацыі і культуры. Ён не распаўсюджваецца на органы, якія займаюцца аператыўна-вышуковай дзейнасцю, на суды, Камітэт дзяржкантролю і гэтак далей. Больш таго, не датычыцца гэта і прыватных карыстальнікаў, якія па-ранейшаму маюць магчымасць наведваць дадзеныя інтэрнэт-рэсурсы.
Рашэнне Генпракуратуры прынята на выкананне ўказа №60. Павел Радзівонаў нагадаў, што ў спісы абмежаванага доступу могуць быць уключаны сайты, якія прапагандуюць парнаграфію, экстрэмісцкую дзейнасць і г.д. Генеральная пракуратура ўжо прымала пастановы па гэтым пытанні ў 2010 годзе. У спіс было ўнесена каля 20 сайтаў, на якіх утрымлівалася інфармацыя, звязаная з гандлем людзьмі і прапагандай парнаграфіі.
Што тычыцца згаданых двух інтэрнэт-рэсурсаў, то, па словах Паўла Радзівонава, "ні для каго не сакрэт, што на гэтых сайтах у лістападзе і снежні 2010 года з'яўлялася інфармацыя, якая не адпавядае заканадаўству". Прадстаўнік Генпракуратуры растлумачыў, што гэта, у прыватнасці, заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі. Рэдактары сайтаў гэта добра ведалі і разумелі. Акрамя таго, Павел Радзівонаў адзначыў, што карыстальнікі дадзеных сайтаў дапускаюць абразлівыя каментарыі, у тым ліку датычныя людзей, якія займаюць дзяржаўныя пасады. Пры гэтым адміністратары рэсурсаў не прымаюць з гэтай нагоды ніякіх мер.
"Для грамадзян відавочна, што дзяржава не павінна фінансаваць наведванне такіх сайтаў", - сказаў Павел Радзівонаў і дадаў, што Генпракуратура "не мае на мэце абмежаваць свабоду слова". Па яго словах, прынятая санкцыя накіравана на тых, хто злоўжывае свабодай слова: "дзяржава нават знешне не можа патураць парушэнню заканадаўства".
Павел Радзівонаў дадаў, што спіс абмежаванага доступу можа фарміравацца рашэннямі кіраўнікоў Камітэта дзяржкантролю, Генпракуратуры, ААЦ і рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.-0-