Дзяржава ў 2009 годзе пакрыла частку працэнтаў па крэдытах на рэканструкцыю Бярозаўскай ДРЭС

4 студзеня, Мінск /Мілена Ануфрыенок - БЕЛТА/. Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам "Брэстэнерга", "Віцебскэнерга" і "Гроднаэнерга" ў 2009 годзе часткова кампенсаваны працэнты за карыстанне банкаўскімі крэдытамі, атрыманымі для рэалізацыі энергаэфектыўных праектаў у рамках выканання Дзяржаўнай комплекснай праграмы мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў беларускай энергетычнай сістэмы, энергазберажэння і павелічэння долі выкарыстання ў рэспубліцы ўласных паліўна-энергетычных рэсурсаў. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў Беларусі №1731, паведамілі БЕЛТА ў Апараце Саўміна. Дзяржпадтрымка ў выглядзе кампенсацыі часткі працэнтаў па крэдытах аказана энергазабяспечваючым арганізацыям за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на паліва і энергетыку. Пастановай вызначаны ўмовы кампенсацыі часткі працэнтаў за карыстанне крэдытамі ў беларускіх рублях – у памеры 50% стаўкі рэфінансавання Нацбанка, устаноўленай на дату кампенсацыі працэнтаў; у замежнай валюце – у памеры 50% стаўкі па крэдытах з кампенсацыяй працэнтаў у беларускіх рублях па афіцыйным курсе Нацбанка на дату іх кампенсацыі. Такая дзяржпадтрымка прадугледжана, у прыватнасці, пры рэалізацыі інвестпраектаў па рэканструкцыі блокаў №5 і №6 на Бярозаўскай ДРЭС, будаўніцтве лініі электраперадачы 330 кВ "Бярозаўская ДРЭС-Брэст-1" з падстанцыяй 330 кВ "Брэст-1", пашырэнні падстанцыі "Баранавічы". На ажыццяўленне гэтых праектаў РУП "Брэстэнерга" атрыманы крэдыт "Белінвестбанка" ў памеры Br75 млрд. і крэдыт "Белзнешэканамбанка" ў аб'ёме $25,5 млн. Кампенсацыя часткі працэнтных ставак прадугледжана таксама па крэдытах, прыцягнутых РУП "Гроднаэнерга" на будаўніцтва Гродзенскай ГЭС (крэдыты "Белпрамбудбанка" на суму Br20 млрд. і Br45,1 млрд.), РУП "Віцебскэнерга" для рэканструкцыі энергаблока №4 Лукомльскай ДРЭС.-0-