Дзяржветслужба Беларусі заклікае вяскоўцаў не набываць камбікармы ў камерсантаў
Дзяржаўная ветэрынарная служба Беларусі заклікае вяскоўцаў не набываць камбікармы ў камерсантаў. З такім зваротам да сельскіх жыхароў звярнуўся сёння галоўны дзяржаўны інспектар Віцебскай вобласці, начальнік аддзела ветэрынарыі і ветэрынарнай дзяржаўнай інспекцыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Козак, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У шэрагу рэгіёнаў Расіі ў цяперашні час выяўлены ачагі афрыканскай чумы свіней (АЧС), у тым ліку ў гэтым месяцы выпадак захворвання жывёл у Смаленскай вобласці. Успышка афрыканскай чумы свіней была зарэгістравана 21 чэрвеня і на тэрыторыі вёскі Чапунь Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Яе прычынай стала выкарыстанне для корму свінні камбікарму з узбуджальнікам захворвання. Каб пазбегнуць падобных выпадкаў, галоўны дзяржаўны ветэрынарны інспектар Віцебскай вобласці рэкамендуе набываць камбікармы толькі ў гандлёвай сетцы Белкаапсаюза або ў фірменных гандлёвых сетках арганізацый камбікормавай прамысловасці рэспублікі.
"Некаторыя несумленныя прадпрымальнікі нелегальна завозяць з-за межаў Беларусі ў нашу краіну камбікармы, якія могуць утрымліваць узбуджальнік гэтай ці іншых інфекцый. Натуральна, дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку гэтай прадукцыі, дазволу дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча ў іх няма, затое цана значна ніжэйшая", - адзначыў Аляксандр Козак. Ён падкрэсліў, што выкарыстанне такіх камбікармоў можа прывесці да інфекцыйных захворванняў.
З улікам сітуацыі, якая склалася, Аляксандр Козак звярнуў увагу насельніцтва на той факт, што вірус АЧС можа перадавацца праз мяса і мясныя прадукты, таму іх варта набываць толькі ў гандлёвай сетцы і на гандлёвых радах рынкаў, куды прадукцыя паступае толькі пасля правядзення экспертызы. Асобам, якія вырошчваюць свіней, рэкамендуецца не наведваць падворкі грамадзян, якія таксама ўтрымліваюць свіней, і абмежаваць наведванне іншымі людзьмі ўласных. У выпадку неабходнасці забою свіней для асабістага карыстання неабходна выклікаць для агляду жывёл ветэрынарнага спецыяліста, а пасля правесці ветэрынарнае даследаванне мяса і ўнутраных органаў. Перад выкарыстаннем у ежу варта правяраць у ветлабараторыях і прадукты забою дзікіх кабаноў.
Афрыканская чума свіней (хварэба Монтгомеры) - контагіёзнае віруснае захворванне хатніх і дзікіх свіней. Захворванне перадаецца пры прамым кантакце здаровых і хворых жывёл, праз прадукты са свініны, кляшчамі і механічна (транспартнымі сродкамі, пры перамяшчэнні жывёл). Вакцыны няма. Амаль усё пагалоўе хворых свіней гіне. Жывёлы з падазрэннем на захворванне знішчаюцца. Для чалавека АЧС бяспечная.