Дзяржхлебінспекцыя Беларусі завяршыла праверку гатоўнасці прадпрыемстваў хлебапрадуктаў да прыёму збожжа новага ўраджаю

14:09:19 7/7 РКА, РА, САГР, САГО, САВІ / 67 7 ліпеня, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Дзяржаўная хлебная інспекцыя Мінсельгасхарчу Беларусі завяршыла праверку гатоўнасці прадпрыемстваў хлебапрадуктаў да прыёму збожжа новага ўраджаю, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка інспекцыі Алена Ананіч. Прадстаўнікі ветэрынарнай службы, МНС, Проматамнадзору, а таксама абласных арганізацый хлебапрадуктаў удзельнічалі ў рабоце дзяржкамісій. Асаблівую ўвагу яны звярталі на гатоўнасць збожжасушыльнага і збожжаачышчальнага, вагавога гаспадаркі, на работу аўтаразгрузчыкаў, забяспечанасць лабараторый неабходным абсталяваннем, хімрэагентамі, арганізацыю работы занальных дыспетчарскіх, інфармацыйных пунктаў, планы размяшчэння збожжа, правядзенне дэзінсекцыі складскіх ёмістасцей, ахову працы і пажарную бяспеку. Па выніках праверак было адзначана, што стан аб'ектаў адпавядае неабходным патрабаванням. У нарыхтоўках будзе прымаць удзел 85 збожжаперапрацоўчых арганізацый, усе яны да 1 ліпеня прайшлі дзяржпрыёмку. Лепш за ўсіх падрыхтавалі элеватары і хлебапрыёмныя пункты да прыёму збожжа новага ўраджаю камбінаты па хлебапрадуктах Гродзенскай, Мінскай і Гомельскай абласцей. Тэхнічная аснашчанасць арганізацый Дэпартамента па хлебапрадуктах дазваляе штодня прымаць 120 тыс. т збожжа. Прадпрыемствы галіны маюць магчымасць адначасова захоўваць звыш 2,5 млн. т збожжа і прасушваць да 58 тыс. т у суткі. У бліжэйшы час у рэгіёнах будуць узгоднены сутачныя графікі паставак збожжа. Дзяржзаказ па пастаўках харчовага збожжа ў гэтым годзе складае 1 млн. т. Прапрацоўваецца пытанне аб арэндзе дадатковых ёмістасцей па сушцы і захоўванні збожжа. Ужо заключаны кантракты на прыём збожжа ў сховішчы прадпрыемстваў іншай ведамаснай прыналежнасці ёмістасцю 139 тыс. т. Работа па заключэнні кантрактаў працягваецца. Асаблівасць нарыхтоўчай кампаніі гэтага года ў тым, што акрамя харчовага і фуражнага збожжа арганізацыі хлебапрадуктаў па дамоўленасці з прадпрыемствамі канцэрна "Белхарчпрам" будуць цэнтралізавана прымаць масланасенне рапсу і піваварны ячмень. У ранейшыя гады іх пастаўкі не мелі масавага характару. На ўнутраных перавозках на тэрыторыі элеватараў будзе занята 364 аўтамабілі-разгрузчыкі, яны адрамантаваны і адрэгуляваны. Праверана ў органах метралогіі 236 аўтадарожных і чыгуначных вагаў. На прыёмцы збожжа ўраджаю 2009 года будзе задзейнічана 119 адзінак сепаратараў. У цяперашні час спецыялісты Дзяржаўнай хлебнай інспекцыі правяраюць стан матэрыяльна-тэхнічнай базы сельгасарганізацый, якія ўвайшлі ў склад арганізацый хлебапрадуктаў, а таксама сумесна з ветэрынарнай службай вядуць праверкі па падрыхтоўцы ўсіх сельгасарганізацый рэспублікі да прыёму збожжа новага ўраджаю.-0-