Дзяржзаказ па піваварным ячменю Віцебскай вобласці павялічаны ў 3,5 раза да 30 тыс. т

25 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дзяржаўны заказ па піваварным ячмені Віцебскай вобласці павялічаны ў 2011 годзе ў 3,5 раза да 30 тыс.т у параўнанні з 2010 годам, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.

Нарыхтоўшчыкамі гэтай культуры ў вобласці выступаюць філіял "Полацкае піва" ААТ "Крыніца" і ААТ "Белсолад". Пасевы піваварнага ячменю павялічаны ў 3,5 раза да 23 тыс.га. Па папярэдняй інфармацыі, ураджайнасць піваварнага ячменю ў бягучым годзе складзе каля 23 ц/га, валавы збор чакаецца на ўзроўні не менш за 50 тыс.т.

Усяго дзяржзаказ па пастаўках збожжа для Віцебскай вобласці ў 2011 годзе складае 186 тыс.т, у тым ліку па харчовым збожжы - каля 135 тыс.т, для вытворчасці спірту - каля 21 тыс.т. Па дадзеных на 25 ліпеня, на нарыхтоўчыя арганізацыі паступіла ў кошт дзяржзаказу амаль 13,8 тыс.т збожжа новага ўраджаю, або 7,4% да плана. Да здачы сыравіны ў дзяржзаказ прыступілі ўсе раёны, пры гэтым гаспадаркі Чашніцкага раёна выканалі дзяржзаказ амаль на 41%, Бешанковіцкі раён паставіў 33,4% збожжа ў кошт дзяржзаказу.

Усяго ў вобласці скашана каля 53,8 тыс.га плошчаў збожжавых і зернебабовых, што складае 11,9% ад падлягаючых уборцы. Намалочана каля 167,5 тыс.т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 31,2 ц/га. У ліку лідэраў уборачнай кампаніі гаспадаркі Чашніцкага раёна, дзе збожжавыя скашаны на плошчы 26,5% ад падлягаючай уборцы, і Глыбокскага раёна (22,2%). Найбольш высокі тэмп работ вытрымліваюць гаспадаркі Шаркаўшчынскага раёна, дзе за дзень прыбіраецца каля 5,6% плошчаў. Самую высокую ўраджайнасць атрымліваюць аграрыі Бешанковіцкага (36 ц/га) і Аршанскага (35,5 ц/га) раёнаў.-0-