Дзяржзаказ па піваварным ячменю выкананы больш чым напалову

9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гаспадаркі Беларусі выканалі дзяржзаказ па піваварным ячмені больш чым напалову, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. Па даных на 9 жніўня, у кошт дзяржзаказу паступіла 83,7 тыс. т піваварнага ячменю, або 55,8% запланаванага. У Брэсцкай вобласці дзяржзаказ па культуры ўжо выкананы на 71%, Мінскай – на 61,7%, Гродзенскай – на 55,3%, Віцебскай – на 50%, Магілёўскай – на 24,2%, Гомельскай – на 19,6%. Піваварны ячмень ужо ўбраны ў рэспубліцы на 81,7 тыс. га, што складае 96,5% яго пасеваў. Намалочана 283 тыс. т пры сярэдняй ураджайнасці 34,6 ц/га. Самая высокая ўраджайнасць склалася ў Гродзенскай вобласці – 37,8 ц/га. У цэлым збожжавыя і зернебабовыя культуры ўжо скасілі на 2057 тыс. га (84,4% уборачнай плошчы). Намалочана 6173,9 тыс. т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці збожжавых і зернебабовых культур 30,2 ц/га. У кошт дзяржзаказу на сёння пастаўлена 770,5 тыс. т збожжа (77,8% задання). -0-