Гатоўнасць тэхнікі для правядзення пасяўной у Беларусі складае 96-98%

24 сакавіка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Гатоўнасць тэхнікі для правядзення веснавых палявых работ у Беларусі складае 96-98%. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік галоўнага ўпраўлення механізацыі і тэхнічнага прагрэсу Мінсельгасхарчу Леанід Марыніч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У цяперашняй пасяўной кампаніі будзе задзейнічана больш за 50 тыс. трактароў і 2,5 тыс. шыроказахватных пасяўных камбінаваных агрэгатаў. "Мінскі трактарны завод да мая паставіць сельгас арганізацыям каля 500 адзінак новых трактароў з 1 тыс., якія падлягаюць пастаўцы ў бягучым годзе", - сказаў спецыяліст. Леанід Марыніч адзначыў праблему недахопу кадраў для арганізацыі работы энергонасычаных трактароў у дзве змены ў асобных гаспадарках краіны. Такая праблема існуе ў Маларыцкім, Пастаўскім, Глыбоцкім раёнах. "Для яе вырашэння будзе праведзена перакідка механізатараў з іншых рэгіёнаў, з прамысловых прадпрыемстваў", - сказаў ён. Большасць сельгас арганізацый рэспублікі забяспечаны гаруча-змазачнымі матэрыяламі на 5-7 дзён работы. Аднак у некаторых сельгас арганізацыях Віцебскай і Магілёўскай абласцей запасы паліва маюцца толькі на 2-3 дні работы. "Улічваючы, што масавая пасяўная пачнецца не раней першых чыслаў красавіка, у нас яшчэ ёсць час для таго, каб выканаць даведзенае заданне па назапашванні гаруча-змазачных матэрыялаў", - сказаў Леанід Марыніч.-0-