Граф Тызенгаўз сёння павіншуе пастаўчан з Днём горада

4 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Граф Антоній Тызенгаўз павіншуе сёння пастаўчан з Днём горада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Пастаўскім райвыканкаме. Выхад знакамітага гістарычнага дзеяча, подскарбія Вялікага Княства Літоўскага Антонія Тызенгаўза са світай адкрые тэатралізаванае прадстаўленне "Любаму гораду 600 гадоў", якое адбудзецца на плошчы Леніна. Знакаміты рэфарматар і мецэнат паклаў пачатак росквіту Пастаў, ператварэнню яго ў культурна-прамысловы цэнтр. У дзень 600-годдзя горада граф вернецца з мінулага, каб напуткаваць цяперашняе пакаленне і ўручыць падарункі моладзі. Яркая гістарычная містэрыя працягнецца тэатралізацыямі, прысвечанымі слаўным старонкам перыяду Вялікай Айчыннай вайны і сучаснаму жыццю пастаўскага краю. Пастаноўка стане адной з самых маштабных і цікавых падзей дня, бо ў ёй заняты больш за 300 чалавек, адзначылі ў райвыканкаме. У Дзень 600-годдзя Пастаў адбудуцца таксама ўрачыстыя набажэнствы ў гонар горада, шматлікія выступленні творчых і самадзейных калектываў, канцэрты Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча, ансамбля "Прымакi". Да святкавання гэтай знакавай даты рыхтаваліся не толькі артысты, але і ўсе гараджане. Так, напрыклад, мясцовая рукадзельніца Лідзія Зарэцкая вышыла палатно з 11 гербамі гарадоў-пабрацімаў Пастаўскага раёна. Памер кампазіцыі складае 2,1 м на 2 м. Цэнтральнае месца ў ёй займае герб роднага горада майстрыхі ў асяроддзі сімвалаў гарадоў-пабрацімаў і кветак. Саматканае палатно і іншыя работы пастаўчанкі прадстаўлены на выставе народных майстроў. Дзень горада супаў з правядзеннем у Паставах ХІІ Міжнароднага фестывалю народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік", які адкрыўся 3 ліпеня. Яго ўдзельнікамі сёлета сталі творчыя калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі. У агульнай складанасці ў Паставах сабраліся каля 500 гасцей, у тым ліку артысты і вядомыя ўраджэнцы раёна. У праграме форуму - традыцыйны конкурс індывідуальных выканаўцаў на народных інструментах "Хто каго?", святы вуліц, "Горад майстроў", дыскатэкі, спартыўна-забаўляльныя, дзіцячыя праграмы і іншыя мерапрыемствы. Завяршальным акордам 5 ліпеня стане гала-канцэрт усіх удзельнікаў фестывалю.-0-