Графіка Марка Шагала з фонду віцебскага музея будзе выстаўляцца ў Фінляндыі

Графика Марка Шагала из фонда витебского музея будет выставляться в Финляндии

На лета 2015 года запланавана правядзенне ў Фінляндыі выставы графічных ілюстрацый Марка Шагала да паэмы Гогаля "Мёртвыя душы" — 96 афортаў 1923-1925 гадоў з фонду Музея Марка Шагала ў Віцебску.

Дырэктар музея Людміла Хмяльніцкая распавяла, што дамоўленасць аб гэтым дасягнута падчас нядаўняй сустрэчы з Мінервай Келтанен, дырэктарам хельсінкскага Мастацкага музея імя Сінебрухава. Ён адзіны ў Фінляндыі, дзе сабраны самыя каштоўныя ў гэтай краіне шэдэўры жывапісу старых майстроў ХIV-ХIХ стагоддзяў, у свой час перададзеныя дзяржаве ўладальнікамі каштоўнай калекцыі Паўлем і Фані Сінебрухавымі. Тут таксама праводзяцца выставы самых розных мастакоў XX стагоддзя з сусветнымі імёнамі. Ініцыятыве музея ў Хельсінкі аказвае садзейнічанне пасольства Беларусі ў Фінляндыі. Ужо цяпер пачалася падрыхтоўка да рэалізацыі міжнароднага праекта, які патрабуе немалых арганізацыйных намаганняў.

Творы з калекцыі Музея Марка Шагала запатрабаваны. У цяперашні час існуе чарга на экспанаванне іх за мяжой. На правядзенне выставы "Марк Шагал і мастакі еўрапейскага авангарда" з фонду віцебскага музея ў 2014 годзе запыт паступіў з Арт-цэнтра Марка Ротка ў Даўгаўпілсе (Латвія), у 2016 годзе шагалаўскія працы чакаюць ва Уроцлаве (Польшча), які ў гэты час будзе прызначаны культурнай сталіцай Еўрасаюза.

Наталля Крупіца, "Віцьбічы"