Гран-пры дзіцячага конкурсу «Віцебск-2019» заваявала беларуска Ксенія Галецкая
Сёння ўвечары ўладальніца залатой ліры выступіць на галоўнай фестывальнай сцэне з зоркамі беларускай і расійскай эстрады.
Лаўрэатам I ступені стала Анжэла Алберцян (Арменія). Другое месца падзялілі Артур з Украіны і Анастасія Барбэ з Малдовы. На трэцяй прыступцы п'едэстала Ганнушка (Грузія) і Кіра Гагаладзэ (Расія).
Як бы ні размеркаваліся прызавыя месцы, кожны ўдзельнік годна прадставіў сваю краіну. Нагадаем, што за перамогу ў Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе «Віцебск-2019» змагаліся прадстаўнікі 21 краіны, упершыню дэлегавалі сваіх удзельнікаў Індыя і Ірландыя.
Пры гэтым выступленні ўсіх юных артыстаў пакінулі толькі станоўчае ўражанне на гледачоў і членаў журы, даючы зразумець, што гэтыя «зорачкі» ў будучыні маюць усе шансы стаць сапраўды высокапрафесійнымі артыстамі эстрады. І неабходныя талент і імкненне заваёўваць новыя вяршыні ў гэтых сённяшніх хлапчукоў і дзяўчатак маюцца.
– Дзеці знаходзяцца ў цэнтры вялізнай каманды – кампазітары, стылісты, менеджэры і іншыя, хто працуе над тым, каб пачатковец артыст стаў зоркай. Але важна не забываць, што ён яшчэ і дзіця, – падкрэсліў старшыня журы, шведскі спявак і музыкант з сусветнай вядомасцю Bosson.
У той жа час кампазітар і прадзюсар Хелена Швілпе з Латвіі, якая таксама ўвайшла ў склад журы, падкрэсліла ўнікальнасць віцебскага дзіцячага конкурсу з міжнародным маштабам і беражлівае стаўленне да юных талентаў у Беларусі, якое яна ўбачыла ў межах «Славянскага базару».
– Маючы вялікі досвед працы ў Амерыцы, у тым ліку і ў якасці журы ў розных праектах, хачу сказаць, што такога дзіцячага конкурсу, як у фестывалю «Славянскі базар», няма. Унікальнасць форуму яшчэ і ў тым, што людзі, прыязджаючы ў Віцебск з розных кантынентаў, не толькі набываюць сяброў, творча і эмацыйна падсілкоўваюць адзін аднаго, але і знаходзяць сябе, могуць убачыць шлях свайго далейшага развіцця, – рэзюмавала Хелена.