Гран-пры конкурсу нацыянальнай эстраднай песні на фестывалі ў Гродне ўдастоены Анатоль Пашчанка

6 чэрвеня, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Гран-пры конкурсу выканаўцаў нацыянальнай эстраднай песні VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне ўдастоены прадстаўнік украінскага аб'яднання з Полацка 73-гадовы выканаўца Анатоль Пашчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Анатоль Пашчанка двойчы станавіўся лаўрэатам фестывалю нацыянальных культур, а сёлета стаў яго пераможцам. 73-гадовы пенсіянер, афіцэр у адстаўцы, ветэран Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь паўвека спявае на сцэне. У рэпертуары саліста-вакаліста ў асноўным ваенна-патрыятычныя песні. Дыпломамі трэцяй ступені ўзнагароджаны Арына Асланава (Магілёў) і Вольга Загадская (Мінск). Другое месца падзялілі Вардуі Фарашан (Веткаўскі раён Гомельскай вобласці) і Дзмітрый Рудык (Маладзечна). Першае месца прысудзілі Ніеле Чарвінскай з Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Лаўрэаты атрымалі дыпломы фестывалю і грашовыя прэміі. Упершыню на фестывалі адбыўся конкурс дзіцячай нацыянальнай песні. Трэцяе месца заняла Ганна Гражэўская з Драгічына, другое дасталася Рубіне Язепчук з Калінкавічаў, а першае – рускай гамяльчанцы Арыне Кончыц. Па словах старшыні журы, мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору ім. Г. Цітовіча, народнага артыста Беларусі Міхаіла Дрынеўскага, з кожным годам расце майстэрства калектываў і выканаўцаў фестывалю нацыянальных культур. На заключныя мерапрыемствы фестывалю ў Гродна рэспубліканскім журы з больш як 2,5 тыс. удзельнікаў рэгіянальных тураў былі выбраны каля тысячы чалавек – 74 калектывы і 122 асобныя выканаўцы. -0-