Гран-пры Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску з’едзе ў Кітай

29 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Гран-пры Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі (IFMC) у Віцебску адправіцца ў Кітай, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Галоўную ўзнагароду конкурсу заваявалі салісты Дзяржаўнага ансамбля танца Кітайскай народна-вызваленчай арміі за пастаноўку "Асэнсаванне". У намінацыі "Аднаактавы балет" першай прэміі ўдастоены Kulli Roosna Project (Талін, Эстонія). Другая прэмія, перанесеная ў намінацыю "Харэаграфічная мініяцюра", уручана Jazz Dance Studio PAL (Ніігата, Японія). Яшчэ адна другая прэмія гэтай намінацыі дасталася тэатру танца Karakuli (Мінск, Беларусь) за харэаграфічную мініяцюру "Узровень завершаны". Першая прэмія таксама засталася ў Беларусі: за пастаноўку "Нічога агульнага" яе атрымаў тэатр сучаснай харэаграфіі D.O.Z.SK.I. (Мінск). Спецыяльнымі прэміямі IFMC адзначаны: "За высокі прафесіяналізм" - Fine Fave Dance Theatre (Талін, Эстонія) і "За выключнае майстэрства" - Кацярына Квіткоўская (група сучаснай харэаграфіі БДПУК, Мінск). Лепшым харэографам фестывалю прызнаны Дзмітрый Залескі (тэатр сучаснай харэаграфіі D.O.Z.SK.I., Мінск). Яму ўручана спецыяльная прэмія імя Яўгена Панфілава. Усяго за галоўныя прызы конкурсу сёлета змагаліся 26 творчых калектываў і праектаў з Беларусі, Германіі, Ізраіля, Кітая, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіны, Швейцарыі, Эстоніі і Японіі. У Віцебск яны прывезлі 13 аднаактавых балетаў і 24 харэаграфічныя мініяцюры. Судзіла ўдзельнікаў кампетэнтнае журы ў складзе вядомых харэографаў з Эстоніі, Швейцарыі, Украіны, Расіі, Кітая, Германіі пад старшынствам народнага артыста СССР, лаўрэата міжнародных і ўсесаюзных конкурсаў Валянціна Елізар'ева. Апошні акорд фестывалю прагучыць сёння ў Мінску: на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета з балетам-фантасмагорыяй "Шчаўкунок" выступіць тэатр сучаснай харэаграфіі "Кіеў мадэрн-балет" (Украіна), які ўзначальвае адзін з найвядомейшых маладых балетмайстраў Еўропы Раду Поклітару. Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску закліканы папулярызаваць творчасць лепшых беларускіх калектываў сучаснага танца і спрыяць прасоўванню беларускіх харэографаў у еўрапейскую і сусветную культурную прастору. За 22 гады правядзення ён заваяваў прызнанне творчай эліты больш як 40 краін свету. З 2009 года форум стаў паўнапраўным членам CID-UNESCO. Заснавальнікамі фестывалю з'яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі, Віцебскі аблвыканкам, Віцебскі гарвыканкам, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета. Арганізатар - Цэнтр культуры "Віцебск".-0-