Гран-пры Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск–2015» заваяваў Дзімаш Кудайберген з Казахстана

Гран-при Международного конкурса исполнителей эстрадной песни «Витебск–2015» завоевал Димаш Кудайберген из Казахстана
Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2015» па-ранейшаму застаецца галоўнай інтрыгай «Славянскага базару». І яна вырашылася – Гран-пры прысуджаны выканаўцу з Казахстана Дзімашу Кудайбергену. Згодна з умовамі конкурсу, яго ўдзельнікі пераадолелі два этапы творчага спаборніцтва: паўфінал, па выніках якога з 21 выканаўцы выбралі 15, і фінал, які расцягнуўся на два дні.

Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2015» па-ранейшаму застаецца галоўнай інтрыгай «Славянскага базару». І яна вырашылася – Гран-пры прысуджаны выканаўцу з Казахстана Дзімашу Кудайбергену.

Згодна з умовамі конкурсу, яго ўдзельнікі пераадолелі два этапы творчага спаборніцтва: паўфінал, па выніках якога з 21 выканаўцы выбралі 15, і фінал, які расцягнуўся на два дні. Фінальныя выступленні праходзілі на сцэне Летняга амфітэатра і выклікалі цікавасць гледачоў, якія заўсёды ўважліва сочаць за конкурсам і гучнасцю апладысментаў выказваюць сваё стаўленне да выканаўцаў. Часам меркаванне публікі супадала з ацэнкамі журы, часам – не. Гледацкая зала ў параўнанні з прафесіяналамі была добразычлівейшай, і гэта адзначалі ўсе, хто выходзіў на сцэну і дзякаваў беларусам за такі цёплы прыём.

У першы дзень трэба было прадставіць славянскі хіт, гэта значыць песню кампазітара на мове адной са славянскіх краін у суправаджэнні аркестра, у другі – сусветны хіт пад фанаграму «мінус адзін». Па задумцы аўтараў праекта, удзельнікі павінны былі знайсці сваю васільковую зорку. Яе вобраз пастаянна прысутнічаў на сцэне і быў своеасаблівым талісманам. Сімвалічна, што і знаёмства з конкурсантамі ў гэтым годзе праходзіла на Алеі зорак, падчас першай жараб'ёўкі. Магчыма, калі-небудзь тут з'явіцца і імянная пліта сённяшніх маладых выканаўцаў, якія пачынаюць свой шлях на вялікай эстрадзе.

У міжнароднае журы, якое ўзначальваў народны артыст Азербайджана Палад Бюльбюль-аглы, уваходзілі вядомыя кампазітары і выканаўцы з розных краін, сярод іх – бразільскі оперны спявак Тыяга Аранкам, Прэшэс Уілсан з Вялікабрытаніі, якую многія ведаюць як салістку гурта «Eruption», латыш Інтарс Бусуліс, пераможца «Еўрабачання-2007» Марыя Шэрыфавіч з Сербіі і іншыя. Ужо сам склад меркаваў розны погляд на выступленні конкурсантаў, але, як запэўніваў старшыня журы, асаблівых спрэчак канчатковы вынік не выклікаў.

З першага дня бясспрэчным лідарам стаў прадстаўнік Казахстана Дзімаш Кудайберген, які набраў найвышэйшую колькасць балаў – 175. У яго дзіўны голас, пад які ён робіць апрацоўкі песень.

– Мне цяжка было выбраць славянскую песню, таму што яны ўсе вельмі прыгожыя. Спачатку хацеў праспяваць «Белавежскую пушчу», але яна так цудоўна гучыць у выкананні вядомых салістаў, што я не змог прыдумаць ёй сваю інтэрпрэтацыю. Мая фантазія не заіграла. Таму ўзяў «Опять метель». А «Sos dun terrien en detresse» («Крык аб дапамозе земляніна, які спазнаў адчай») у мяне ў рэпертуары даўно, – сказаў за кулісамі пасля заканчэння конкурсу Дзімаш.

Ён таксама прызнаўся, што да віцебскага конкурсу рыхтаваўся ўсё жыццё. Марыў выступіць на сцэне «Славянскага базару», на якую выходзілі вялікія зоркі эстрады. І паабяцаў, што цяпер пасля перамогі абавязкова зверне ўвагу на беларускія песні, якіх пакуль няма ў яго творчай скарбонцы.

Усе дні Дзімаша Кудайбергена падтрымлівалі яго бацькі – заслужаныя дзеячы культуры Рэспублікі Казахстан. Яны расказалі, што сын захоплены музыкай з дзяцінства і сёння можа ўстаць у 3 гадзіны ночы і спяваць. Цяпер ён вучыцца ў Казахскім універсітэце мастацтваў на эстрадным факультэце. Дарэчы, за ўсю гісторыю «Славянскага базару» ўпершыню ў прадстаўніка Казахстана такая бясспрэчная перамога – Гран-пры. Дзімаш таксама атрымаў прэмію ў 20 тыс. долараў.

Годна прадставіла Беларусь Валерыя Грыбусава. Яе агульная ацэнка – 171 бал. У першы конкурсны дзень Валерыя выканала песню «Ночь» на вершы Уладзіміра Маякоўскага, музыка Давіда Тухманава, у другі – Фрэдзі Мерк’юры «Somebody to love» («Каго-небудзь палюбіць») і пераканала журы не толькі ў сваім добрым гусце, але і ў выдатным голасе і артыстызме. У выніку ў яе I прэмія (15 тыс. долараў).

Высокія ацэнкі прафесіяналаў атрымаў Мікалай Манолаў з Балгарыі – II прэмія (10 тыс. долараў). Трэцяе месца і прэмію ў 5 тыс. долараў падзялілі Ганна Цвярдоступ з Украіны і Софі з Грузіі. З асаблівай цеплынёй глядзельная зала сустракала Надзю Талеўску з Македоніі, якая, нягледзячы на пяты месяц цяжарнасці, вырашылася прыняць удзел у конкурсе. Больш таго, перакананая, што такія станоўчыя эмоцыі, якія яна атрымала ў Віцебску, пойдуць будучаму дзіцяці на карысць. Рашэннем журы Надзе стала ўладальніцай спецыяльнай прэміі імя Уладзіміра Мулявіна за лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы і выканальніцкае майстэрства.

Сертыфікатам і памятным знакам (залаты манетка) Сусветнай асацыяцыі фестываляў узнагароджана прадстаўніца Расіі Соф'я Муратава. Яна ж разам з Валерыяй Грыбусавай атрымала спецыяльны прыз Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Учора на сцэне Летняга амфітэатра адбылося ўзнагароджанне пераможцаў міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2015». Упершыню цырымонія праходзіла на галоўнай фестывальнай пляцоўцы. Пра гэта больш падрабязна мы напішам у наступным нумары газеты.

Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"