Гран-пры міжнароднага песеннага конкурсу «Славянскі базар у Віцебску» атрымаў Адылхан Макін з Казахстана

Гран-при международного песенного конкурса «Славянского базара в Витебске» получил Адильхан Макин из Казахстана
Прадстаўнік Казахстана Адыльхан Макін стаў другім за 28-гадовую гісторыю міжнароднага песеннага конкурсу «Славянскага базару ў Віцебску» уладальнікам Гран-пры з гэтай краіны і прэміі ў 20 тыс. долараў.

Першым дарогу на васільковы алімп да запаветнай Ліры праклаў у 2015-м Дзімаш Кудайберген, які затым скарыў многія сцэны свету, але адзначаў, што лёсавызначальнай для яго стала віцебская. Летась канкурсант з Казахстана Ернар Садырбаеў таксама прэтэндаваў на галоўную ўзнагароду. Але журы прысудзіла яму першую прэмію, а Гран-пры аддалі румыну Марчэлу Рошке, які з Ернарам набраў роўную колькасць балаў. Зыходзячы ж з вынікаў сёлеташняга года, у Адыльхана чыстая перамога. Яго адрыў ад іншых канкурсантаў у першы дзень складаў тры балы, а разам з другім павялічыўся да сямі.

Сёлета ў песенных спаборніцтвах бралі ўдзел 16 выканаўцаў. Павінна было 18, але з-за непрадбачаных абставін прадстаўнікі Славеніі і Кубы не даехалі да Віцебска. У адрозненне ад папярэдніх конкурсаў, сёлета не было паўфіналу, і ўсе ўдзельнікі адразу выйшлі на галоўную фестывальную сцэну – Летні амфітэатр. У першы дзень выконвалі славянскія хіты пад акампанемент Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркeстра Рэспублікі Беларусь, у другі – сусветныя. Такія ўмовы, як тлумачылі арганізатары, крыху выраўноўваюць шансы тых, для каго славянскія мовы неродныя. Але насуперак гэтым разважанням, многія замежнікі атрымалі больш высокія балы менавіта за славянскі хіт, у прыватнасці, прадстаўнікі Мальты, Германіі, Ізраіля, Грузіі. Правільнае вымаўленне – не крытэрый для ацэнкі журы, якое сёлета ўзначальвала народная артыстка Расіі і Грузіі Тамара Гвердцытэлі. Важна і тое, што сярод членаў журы – прадстаўнікі розных культур, напрамкаў у музыцы, спевакі, кампазітары, прадзюсары. Быў нават прафесар з Сербіі Іван Маркавіч і ўладальнік дзвюх прэмій «Грэмі» Марлоу Росада.

Упершыню ўдзельнікі конкурсу мелі падтанцоўку, харэаграфію да кожнай песні падрыхтаваў балет Алы Духавай «Тодэс». Не заўсёды танцоры ўпрыгожвалі выступленне, часам – перашкаджалі ўспрыманню песні. Хоць былі відовішчныя нумары, але ў цэлым многія адзначалі, што гэты эксперымент не зусім удалы.

Вiдавочна, зала Летняга амфітэатра больш за ўсё хварэла за беларуса. Нашу краіну на конкурсе прадстаўляў дваццацігадовы Ваня Зданюк. Ваня, менавіта так ён просіць сябе называць, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, лаўрэат шматлікіх нацыянальных і міжнародных конкурсаў, фестываляў, а таксама тэлевізійных праектаў. Чатыры гады таму скончыў Акадэмію папулярнай музыкі Ігара Крутога, наведваў майстар-класы першага педагога Бейонсе Дэвіда Лі Бруэра. Апроч спеваў прафесійна займаецца танцамі. Пасля першага дня Ваня быў у сярэдзіне конкурснай табліцы, а вось за хіт з рэпертуару рок-гурта Imagine Dragons атрымаў адну з самых высокіх ацэнак (на бал ніжэй, чым Адыльхан). У выніку прадстаўнік Беларусі падзяліў другое месца і прэмію ў 10 тыс. долараў з ізраільцянкай Ілай.

Першая прэмія (15 тыс. долараў) прысуджана Георгію Путкарадзэ з Грузіі, які заваяваў залу выкананнем песні на беларускай мове з рэпертуару гурта Nizkiz. Трэцюю падзялілі Іван Дзяятлаў з Расіі і Дзмітрый Бабак з Украіны. Дарэчы, Іван цудоўна сумяшчае лірыку і фізіку, ён студэнт Нацыянальнага даследчага ядзернага ўніверсітэта, а Дзмітрый – фіналіст тэлешоў «Голас Украіны» ў камандзе – франтмена ўкраінскага рок-гурта «Акіян Эльзы» Святаслава Вакарчука, а таксама пераможца тэлевізійнага праекта «Х-Фактар» у камандзе грузінскай спявачкі Ніно Катамадзе.

Спецыяльная прэмія імя Уладзіміра Мулявіна за лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканальніцкае майстэрства ўручана спявачцы з Літвы Паўліне. Па традыцыі конкурсанты з Беларусі і Расіі атрымалі прызы Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, а ўзнагароду Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» – «Песня – шлях да садружнасці» за высокае майстэрства ў захаванні нацыянальных традыцый і грашовую прэмію ў памеры 2 тыс. долараў павязе ў Малдову Лідзія Ісак.

Прадстаўнікі краін, якія дэбютавалі на песенным конкурсе, – Сыін Лі з КНР і Тэа са Швейцарыі – набралі найменшую колькасць балаў, але ўвайшлі ў лік дыпламантаў. А гэта таксама перамога!

– Для мяне вялікі гонар прадстаўляць сваю краіну на «Славянскім базары». За нядоўгі час, які знаходжуся ў Беларусі, я паспела адчуць вельмі цёплую, сяброўскую атмасферу, гасціннасць людзей, – адзначыла кітаянка.

Усе ўдзельнікі конкурсу на сваіх родных мовах пасля выступленняў прызнаваліся ў найлепшых пачуццях да фестывалю, гасціннага Віцебска. На нямецкай – Эміна з Германіі, якая, як высветлілася, ужо была на сцэне Летняга амфітэатра 22 гады таму. Праўда, пра гэта ніхто не здагадваўся, толькі мама Элада, якая ўдзельнічала ў песенным конкурсе, будучы цяжарнай. Такія дзіўныя гісторыі здараюцца на «Славянскім базары», які дорыць людзям радасць і любоў.

"Віцебскія весці".