Гран-пры песеннага конкурсу "Віцебск-2009" заваяваў прадстаўнік Расіі Дзмітрый Даніленка

13 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Гран-пры XVIII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2009" заваяваў прадстаўнік Расіі Дзмітрый Даніленка, перадае з урачыстай цырымоніі ўзнагароджання карэспандэнт БЕЛТА. Разам са спецыяльным прызам "Ліра" і дыпломам пераможца атрымлівае прэмію ў памеры $10 тыс. Першай прэміяй з капіталам $6 тыс., прызам "Ліра" і дыпломам удастоены Паша Парфеній з Малдовы. Другой прэміяй узнагароджаны беларускі конкурсант Андрэй Калосаў і прадстаўніца Македоніі Влатка Лозаноскі. Трэцюю прэмію падзялілі Пётр Дзмітрычэнка з Украіны і Еранімас Мілюс з Літвы. Спецыяльныя прызы Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ўручаны Андрэю Калосаву - "Лепшаму выканаўцу эстраднай песні (Рэспубліка Беларусь)" і Дзмітрыю Даніленку - "Лепшаму выканаўцу эстраднай песні (Расійская Федэрацыя)". Андрэй Калосаў таксама атрымаў ганаровую ўзнагароду - спецыяльную прэмію імя Уладзіміра Мулявіна за выканальніцкае майстэрства. Падарункі, прызы ад спонсараў уручаны ўсім удзельнікам конкурсу. Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2009" праводзіўся падчас фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Сёлета ў творчым спаборніцтве прымалі ўдзел 16 конкурсантаў. Упершыню свайго ўдзельніка дэлегавала Бразілія. Журы ўзначаліла Лайма Вайкуле. У 18-гадовай гісторыі конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" яго пераможцамі станавіліся такія вядомыя цяпер артысты, як Таісія Павалій, Філіп Жмахер, Руслана, Рафаэль. Гран-пры не прысуджаўся толькі адзін раз - у 1994 годзе.-0-