Гран-пры XXI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012" з'ехаў у Македонію

16 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Гран-пры XXI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012" з'ехаў у Македонію. Перамогу заваяваў Бабан Мойсоўскі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА з цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў і дыпламантаў конкурсу. Бабану Мойсоўскаму былі ўручаны Гран-пры ў памеры $15 тыс., спецыяльны прыз "Ліра", а таксама дыплом уладальніка Гран-пры XXI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012". Першую прэмію журы пад старшынствам народнага артыста Расіі кампазітара Максіма Дунаеўскага прысудзіла Саманце Ціна з Латвіі. Ёй дасталіся $9 тыс., спецыяльны прыз "Ліра" і дыплом лаўрэата (уладальніка I прэміі). Цудоўны падарунак атрымала Украіна да свайго дня на фестывалі "Славянскі базар", які праходзіць сёння. Яе прадстаўніца Галіна Конах заваявала другую прэмію ў памеры $6 тыс., атрымала спецыяльны прыз "Ліра" і дыплом лаўрэата (уладальніка II прэміі). Трэцюю прэмію ў памеры $3 тыс. журы вырашыла падзяліць і прысудзіла яе Федэрыцы Марынары з Італіі і Славіне Калканджиевай з Балгарыі. Дзяўчатам таксама ўручаны спецыяльныя прызы "Ліра", дыпломы лаўрэатаў конкурсу - уладальнікаў III прэміі. Спецыяльная прэмія імя Уладзіміра Мулявіна за лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканальніцкае майстэрства ўручана Луселіі Ролдан з Кубы. Яна спадабалася гледачам, а выкананая ёю ў другі дзень спаборніцтва песня на беларускай мове "Васільковае неба" кранула нават строгага старшыню журы Максіма Дунаеўскага. Ён паставіў ёй найвышэйшы бал - 10. Спецыяльнымі прызамі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ўзнагароджаны выканаўца ад Рэспублікі Беларусь Яўген Славіч і выканаўца ад Расійскай Федэрацыі Анастасія Козлава. За ўсю гісторыю правядзення міжнародных конкурсаў выканаўцаў эстраднай песні пасля распаду Югаславіі прадстаўнік Македоніі атрымаў Гран-пры адзін раз - у 2000 годзе. Тады пераможцам стаў Тодар Проеўскі. А вось дыпламантамі македонцы станавіліся чатыры разы. Сёлета ў конкурсе прымалі ўдзел 20 выканаўцаў з 20 краін.-0-