Грандыёзны чарнічны пірог прэзентуюць на ягадным фестывалі ў Полацку
Вялікі пірог дружбы плануюць спячы ў Полацку ў рамках правядзення традыцыйнага ліпеньскага фестывалю, які ўслаўляе каралеву лясных ягад, спрадвеку шанаваную нашым народам.
З раніцы ўдзельнікі экафеста «Полацкая чарніца-2015» адправяцца ў лес збіраць ягады, а затым вернуцца ў горад на свята, якое пройдзе на праспекце Ф. Скарыны. Тут будуць арганізаваны тэматычныя пляцоўкі сельскіх падворкаў, выступленні творчых калектываў і разнастайныя забавы.
Галоўным новаўвядзеннем, як адзначыла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Астапава, стане конкурс «Чарнічны пірог дружбы» для арганізацый грамадскага харчавання Полацкага рэгіёна. Цуд кандытарскага мастацтва будзе складзены з асобных частак, прадстаўленых удзельнікамі. абавязковая ўмова – наяўнасць у пірагу чарнічнай начынкі, а ў актыве каманды – арыгінальных ідэй. Майстры смачных спраў правядуць творчую абарону і дэгустацыю сваіх вырабаў. Журы вызначыць прызёраў і ўладальніка ганаровай узнагароды «Залатая чарніца».
Ларыса Малашаня, "Віцебскія весці"