Г.Рапота не бачыць неабходнасці ў стварэнні каардынацыйнага савета для кіраўніцтва інтэграцыяй на постсавецкай прасторы
15 ліпеня, Віцебск /Аляксандр Сам - БЕЛТА/. Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота не лічыць неабходным стварэнне каардынацыйнага савета для кіраўніцтва працэсамі інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Аб гэтым ён заявіў сёння на прэс-канферэнцыі ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Рыгор Рапота адзначыў, што ў цяперашні час дзейнічаюць СНД, ЕўрАзЭС, ШАС, ГУАМ, АДКБ. "Структур шмат. Ідзе пошук таго, як лепш узаемадзейнічаць дзяржавам, якія атрымалі незалежнасць і якія шукаюць сваё месца ў гэтым свеце. Было шмат метанняў, спрэчак, па якой мадэлі развівацца", - сказаў Рыгор Рапота.
Дзяржсакратар падкрэсліў, што дзяржавы павінны развівацца не па чыіх-небудзь мадэлях, а па сваіх уласных, з улікам сваёй спецыфікі. "Вельмі добра, што інтэграцыйных аб'яднанняў шмат. Жыццё само адсее непатрэбнае", - сказаў Рыгор Рапота.
Ён таксама адзначыў, што СНД з'яўляецца вельмі добрай перамоўнай пляцоўкай для дзяржаў, захаваць яе надзвычай важна.
"Думаю, што самым перспектыўным застаецца Мытны саюз, які ўжо сфарміраваны, засталося яго насыціць канкрэтным зместам, і Адзіная эканамічная прастора", - сказаў Рыгор Рапота. Пры гэтым ён адзначыў, што не бачыць неабходнасці ў стварэнні адзінага цэнтра для каардынацыі інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. На думку Рыгора Рапоты, "падгнаць усіх пад адну форму немагчыма". Усе пытанні можна абмяркоўваць на пляцоўцы СНД.
"Мы будзем ісці кожны сваім шляхам, але моцна ўзяўшыся за рукі", - падсумаваў Рыгор Рапота.-0-