Грамадзянін Афганістана прыехаў на таксі з мэтай парушыць беларуска-латвійскую мяжу
Полацкія памежнікі за студзень затрымалі дзесяцёх парушальнікаў Дзяржаўнай мяжы, з якіх восем чалавек – выхадцы з Афганістана, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Полацкага памежнага атрада.
Учора ў пагранічнай паласе Браслаўскага раёна полацкія памежнікі затрымалі грамадзяніна Афганістана, які здзейсніў спробу парушыць беларуска-латвійскую мяжу, прыбыўшы ў пагранічную паласу на таксі, аўтамабілі "Мазда", якім кіраваў жыхар Віцебска.
"Цяпер з затрыманым афганцам праводзіцца разбіральніцтва. Яму пагражае прыцягненне да адказнасці за парушэнне правілаў знаходжання ў Беларусі і за парушэнне дзяржмяжы рэспублікі. Таксіст жа, які яго прывёз, будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне памежнага рэжыму", - растлумачылі ў памежным атрадзе.
Камандаванне Полацкага памежнага атрада нагадвае, што пры спробе незаконнага перасячэння дзяржмяжы Беларусі парушальнікам пагражае адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання з дэпартацыяй або накладанне штрафу ў памеры да 50 базавых велічынь з дэпартацыяй або без дэпартацыі. Пры здзяйсненні аналагічнага правапарушэння паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне пагражае крымінальная адказнасць у выглядзе арышту на тэрмін да 6 месяцаў або пазбаўленне волі на тэрмін да 2 гадоў. Што тычыцца аўтаперавозчыка, то ў выпадку, калі будзе ўстаноўлены факт садзейнічання парушальніку, кіроўца таксама будзе прыцягнуты да адказнасці.
Алена Ціханава