Вуліца Грунвальдская зьявілася на генпляне забудовы новага жылога мікрараёну ў Полацку
8 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Грунвальдская вуліца з'явілася на генплане забудовы новага жылога мікрараёна ў Полацку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама Мікалай Ільюшонак.
Рашэнне аб прысваенні вуліцы назвы прынята дэпутатамі Полацкага гарсавета пасля грамадскага абмеркавання. Па словах Мікалая Ільюшонка, забудова Грунвальдскай вуліцы пачнецца ўжо ў 2011 годзе, а значыць, з'явіцца і першы аншлаг з назвай вуліцы.
Ідэя з'яўлення ў Полацку Грунвальдскай вуліцы належыць Полацкаму зямляцтву. Яго члены лічылі, што такім чынам у Полацку павінна быць адзначана 600-годдзе знакамітай бітвы, якое святкавалася ў 2010 годзе. У тым далёкім баі аб'яднаныя сілы Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства разграмілі армію Тэўтонскага ордэна. Велізарны ўклад у Грунвальдскую перамогу ўнеслі беларускія харугвы. Полацкі полк сярод іх быў адным з самых буйных і добра ўзброеных. Мужнасць палачан не засталася незаўважанай ні сучаснікамі, ні гісторыкамі.
Характэрна, што ўсе назвы вуліц у новым жылым мікрараёне звязаны з гісторыяй Полацка. Зусім нядаўна тут з'явіліся вуліца Івана Хруцкага - знакамітага мастака, ураджэнца Полацкай зямлі, вуліца камбрыга Аляксея Зыгіна, пад камандаваннем якога савецкія салдаты гераічна абаранялі Полацк летам 1941 года, праспект дойліда Іаана, які стварыў у XII стагоддзі Спаса-Праабражэнскі храм.
Па словах Мікалая Ільюшонка, папаўняючы гарадскую тапаніміку, старажытны Полацк зыходзіць з еўрапейскіх прынцыпаў наймення вуліц: прысвойваць імёны тых, хто праславіў гэты край. "Такім чынам мы фарміруем імідж Полацка як горада, дзе памятаюць і шануюць сваё мінулае, ганарацца сучаснасцю", - падкрэсліў суразмоўца.
Неўзабаве на грамадскае абмеркаванне будуць вынесены прапановы аб прысваенні назваў яшчэ дзвюм новым вуліцам Полацка. -0-