Гродзенскія энергетыкі дапамагаюць аднаўляць электрычнасць у Віцебскай вобласці

На дапамогу для аднаўлення электразабеспячэння ў Верхнядзвінскім раёне прыбылі энергетыкі Гродзенскай вобласці, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Telegram-канал "Белэнерга".

З-за неспрыяльных умоў надвор'я ў Віцебскай вобласці зафіксавана шмат адключэнняў у асноўнай і размеркавальнай сетцы. Галоўная прычына - галалёд на галінах дрэў і правадах ЛЭП, павышаная ветравая нагрузка, падзенне галін і дрэў, пашкоджанне апор і абрывы правадоў ліній электраперадач. "Гэтыя пашкоджанні з'яўляліся паступова пры зрушэнні атмасфернага фронту з поўдня на поўнач уздоўж усходняй мяжы рэспублікі", - адзначылі на прадпрыемстве.

Работнікі энергасістэмы Віцебскай вобласці загадзя былі пераведзены ў рэжым павышанай гатоўнасці, аднаўленчыя работы вяліся кругласутачна. Задача ўскладнялася тым, што ЛЭП праходзяць па цяжкадаступнай забалочанай мясцовасці, а таксама заваламі з-за ўпалых дрэў на дарогах і прасеках.

"Для аказання дапамогі па аднаўленні электразабеспячэння ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці прыбылі чатыры брыгады філіяла "Лідскія электрычныя сеткі" і пяць брыгад філіяла "Ашмянскія электрычныя сеткі" на чале з намеснікам галоўнага інжынера РУП "Гроднаэнерго". Брыгады прыступілі да выканання аднаўленчых работ. Усяго ад Гродзенскай энергасістэмы задзейнічана 56 чалавек і 14 адзінак тэхнікі", - адзначылі ў ГПО "Белэнерга".

На прадпрыемстве дадалі, што 2 студзеня 10 брыгад РУП "Мінскэнерга" таксама накіраваны ў Віцебскую вобласць для дапамогі калегам у аднаўленні электразабеспячэння па зоне абслугоўвання Глыбокскіх і Полацкіх электрасетак.