Навальніца ў Віцебскай вобласці прывяла да адключэння электразабеспячэння ў трох раёнах
17 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Моцная навальніца, якая прайшла напярэдадні вечарам у Віцебскай вобласці, прывяла да шматлікіх абвалаў дрэў і абясточвання шаснаццаці населеных пунктаў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
За дзве гадзіны ў абласным цэнтры выпала 8 мм ападкаў, у Оршы за крыху большую колькасць часу - 14 мм. Пры гэтым парывы ветру дасягалі 23 м/с. У выніку праходжання навальнічнага фронту ў Віцебску па вуліцы Праўды спыніўся рух тралейбусаў. Падзенне дрэва на трамвайныя шляхі па праспекце Фрунзе амаль на гадзіну паралізавала рух трамваяў. Падзенні дрэў зафіксаваны таксама па вуліцы Чкалава, у мікрараёне Тулава, па праездзе Клінічным у абласным цэнтры, а таксама ў Оршы, Лёзне і ў Чашніцкім раёне. Усе здарэнні абышліся без пацярпелых.
Акрамя таго, разгул стыхіі прывёў да адключэння электразабеспячэння ў Лёзненскім, Чашніцкім і Верхнядзвінскім раёнах вобласці, дзе былі абясточаны тры лініі электраперадач, 16 населеных пунктаў, 35 трансфарматарных падстанцый і 5 ферм. У цяперашні час электразабеспячэнне ў іх адноўлена.-0-