Выяўлены грубыя парушэнні санітарна-тэхнічнага стану школ і садоў у Віцебскай вобласці
25 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пракуратура выявіла грубыя парушэнні санітарна-тэхнічнага стану школ і дзіцячых садоў Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Ірына Януковіч.
Так, у аварыйна небяспечным стане знаходзяцца аб'екты ў Ляхаўскай базавай школе (Дубровенскі раён), Якаўлевіцкім вучэбна-педагагічным комплексе (Аршанскі раён), Нураўскай базавай школе (Верхнядзвінскі раён).
У большасці ўсіх правераных устаноў не адпавядаюць прад'яўляемым патрабаванням санітарна-тэхнічны стан памяшканняў і іх матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Пры гэтым больш за ўсё нараканняў выклікалі санвузлы і харчаблокі. Напрыклад, у адной са школ Віцебска на момант праверкі ў працоўным стане знаходзілася толькі адзін туалетны пакой для хлопчыкаў, размешчаны на трэцім паверсе, дзе размешчаны два ўнітазы на 181 школьніка (пры дзеючай норме 1 санітарны прыбор на 30 хлопчыкаў).
Парушэнні элементарных правіл пажарнай бяспекі выяўлены ў школах Лепельскага, Віцебскага, Бешанковіцкага, Полацкага, Аршанскага раёнаў і абласнога цэнтра. У прыватнасці, у многіх з іх на вокнах памяшканняў устаноўлены неадкрываемыя металічныя рашоткі, зачынены і заблакіраваны эвакуацыйныя выхады. Некаторыя ўстановы адукацыі не ў поўным аб'ёме забяспечаны першаснымі сродкамі пажаратушэння, а педагогі не ўмеюць карыстацца вогнетушыцелямі. Усё гэта ў выпадку надзвычайнага здарэння можа стаць прычынай трагедыі, падкрэсліла пракурор.
Знаёмства з арганізацыяй працэсу навучання дазволіла ўдзельнікам праверкі таксама зрабіць выснову аб тым, што захворванні ў дзяцей нярэдка абумоўлены невыкананнем ва ўстановах адукацыі гігіенічных патрабаванняў да тэмпературнага рэжыму, асвятлення, адпаведнасці мэблі роставым дадзеным дзяцей, няправільным размеркаваннем вучэбнай нагрузкі.
"Штогод на ўтрыманне і рамонт школьных і дашкольных устаноў адукацыі вобласці накіроўваюцца значныя сродкі, многае робіцца. Аднак праведзеная праверка паказала, што дадзенае пытанне патрабуе большай увагі і намаганняў з боку кіраўнікоў навучальных устаноў", - канстатавала Ірына Януковіч.
Прадстаўленне па выніках праверкі накіравана ва ўпраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама.-0-