Група аўтамабільных злодзеяў затрымана ў Віцебску

23 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Група аўтамабільных злодзеяў затрымана ў Віцебску. Пра гэта паведаміў сёння на брыфінгу намеснік начальніка аддзела крымінальнага вышуку АУС адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска Аляксандр Шаўчык, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На працягу паўгода трое непрацуючых маладых людзей 20-27 гадоў прамысловалі крадзяжамі з аўтамабіляў і гаражоў у Кастрычніцкім і Першамайскім раёнах абласнога цэнтра. Для сваёй "працы" яны выкарыстоўвалі аўтамабіль і спецыяльныя прыстасаванні, якімі ўскрывалі замкі. Здабычай станавіліся аўтазапчасткі, колы, будаўнічыя інструменты, абсталяванне - усё, што можна было прадаць. Тавар збываўся праз знаёмых і па аб'явах. Затрымаць злачынцаў удалося пры спробе крадзяжу скутэра "Хонда" з гаража. Усяго ж, па папярэдніх даных, на рахунку групы каля дзясятка крадзяжоў, а прычыненая шкода склала больш за Br15 млн. У дачыненні да віцябчан узбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.205 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Крадзеж, учыненая групай асоб»), якая прадугледжвае да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Вядзецца следства, устанаўліваюцца іншыя пацярпелыя.-0-