Груз мяса на Br186,5 млн. затрыманы ў Верхнядзвінскім раёне

4 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Буйны груз мяса затрыманы ў Верхнядзвінскім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю УУС Віцебскага аблвыканкама. На аўтадарозе Верхнядзвінск-Шаркаўшчына паблізу Верхнядзвінска супрацоўнікі Міёрскага і Верхнядзвінскага РАУС затрымалі аўтамашыну "Мерсэдэс" пад кіраваннем непрацуючага жыхара гарадскога пасёлка Шаркаўшчына 1984 года нараджэння, які без адпаведных дакументаў перавозіў 4,1 т мяса буйной рагатай жывёлы. Кошт грузу складае Br186,5 млн. Транспартны сродак і груз затрыманы. Праводзіцца праверка.