ДМК Беларусі распрацоўвае канцэпцыю развіцця мытнай службы на 2011-2015 гады
30 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. ДМК Беларусі распрацоўвае канцэпцыю развіцця мытнай службы на 2011-2015 гады. Пра гэта паведаміў сёння намеснік старшыні ДМК Васіль Дэменцей на сумесным пасяджэнні камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю і прадстаўнікоў Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, органаў заканадаўчай улады Пскоўскай і Смаленскай абласцей у Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Васіля Дэменцея, рост аб'ёмаў міжнароднага гандлю ва ўмовах Мытнага саюза пацвярджае неабходнасць рэфармавання сістэмы мытных органаў Беларусі і пераразмеркавання асабовага складу для ўмацавання пунктаў пропуску на знешніх межах Мытнага саюза.
У аснову канцэпцыі будзе закладзены распрацоўваемы праект "Электронная мытня", які прадугледжвае далейшае ўкараненне і развіццё перспектыўных інфармацыйных мытных тэхналогій і накіраваны на пашырэнне ўзаемадзеяння з удзельнікамі міжнароднага гандлю, стварэнне спрыяльных умоў для вядзення арганізацыямі і прадпрыемствамі знешнеэканамічнай дзейнасці. Канцэпцыя прадугледжвае развіццё інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры мытных органаў, а таксама органаў дзяржкіравання і ўдзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці, павышэнне якасці і даступнасці прадастаўляемых інфармацыйных паслуг. "У выніку гэта дазволіць вынесці асобныя віды кантролю за тэрыторыю пунктаў пропуску, пакінуўшы на мяжы толькі дзве службы - памежную і мытную", - адзначыў Васіль Дэменцей.-0-