Губернатарская ёлка збярэ каля 1 тыс. школьнікаў Віцебскай вобласці

Губернаторская елка соберет около 1 тыс. школьников Витебской области

Губернатарская ёлка сёння сабярэ каля 1 тыс. школьнікаў Прыдзвіння ў канцэртнай зале "Віцебск", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама.

У традыцыйным мерапрыемстве, якое праходзіць у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці", прымуць удзел пераможцы прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, дзеці-інваліды, дзеці з шматдзетных, малазабяспечаных сем'яў, дзеці-сіроты з усіх раёнаў вобласці.

Госці галоўнай абласной ёлкі стануць гледачамі інтэрактыўнага мюзікла "Пітэр Пэн", падрыхтаванага цэнтрам культуры "Віцебск". Сам Дзед Мароз раскажа школьнікам неверагодную гісторыю пра прыгоды Пітэра Пэна, феі Дзінь-Дзінь, Вендзі, Джона і Майкла на чароўным востраве. Сяброў чакаюць сустрэчы з індзейцамі і русалкамі, піратамі і іх правадыром - капітанам Круком. Доўгачаканы Новы год наступіць толькі тады, калі дзеці разам з Пітэрам Пэнам пераадолеюць усе перашкоды і перамогуць капітана піратаў.

У праграме свята – традыцыйныя карагоды, гульнёвыя і конкурсныя праграмы. Акрамя таго, кожнае дзіця атрымае ў падарунак мяккую цацку і прысмакі.

Дзеці з аддаленых раёнаў, якія прыбылі ў Віцебск напярэдадні вечарам, пабывалі яшчэ і на экскурсіі па вечаровым Віцебску.

У Віцебскай вобласці навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" ахопіць тысячы дзяцей з усіх раёнаў. У абласным цэнтры і рэгіёнах праходзяць сотні святочных мерапрыемстваў. У тым ліку навагоднія ранішнікі, канцэрты, дабрачынныя ёлкі з удзелам кіраўніцтва аблвыканкама, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў.

Алена Ціханава