Гульбішча з гульнямі рыхтуе Полацк у гонар свайго 1147-годдзя

16 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Гульбішча з гульнямі і рысталішчам падорыць Полацк жыхарам і турыстам у гонар свайго 1147-годдзя. Старажытны горад па традыцыі сустракае чарговы дзень нараджэння шматлікімі святочнымі мерапрыемствамі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Полацкага гарвыканкама. Першы дзень гулянняў, 16 мая, пройдзе пад знакам Адзінага алімпійскага дня і адкрыўся агульнагарадской спартакіядай. А вось усе музеі Полацкага Нацыянальнага музея-запаведніка падхопяць эстафету Міжнароднага дня музеяў і правядуць Ноч музеяў. На працягу тыдня гараджан чакаюць тэатральныя прадстаўленні, адкрыццё парку атракцыёнаў і нават піянерская маёўка - 19 мая. У дзень нараджэння піянерскай арганізацыі Полацк аб'явіў дзень піянерскай дружбы. Дні гісторыі Полацка 23-24 мая азнамянуюцца фестывалем сярэднявечнай культуры "Рубон". Воіны зямлі беларускай сыдуцца на рысталішчы, каб выбраць наймацнейшага, а затым ён павядзе свой атрад на захоп воражага замка. Грандыёзную рэканструкцыю сярэднявечнай бітвы абяцаюць паказаць арганізатары фестывалю. Да 29 мая ўвесь Полацк ужо настроіцца на святочны лад. Гэты дзень азнамянуецца шэсцем і балем выпускнікоў, адкрыццём музея заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, члена Саюза мастакоў і Саюза архітэктараў Рэспублікі Беларусь Нінель Шчаснай. Кульмінацыяй дня стане канцэрт "Шэдэўры опернага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі". У суботу і нядзелю, 30 і 31 мая, гараджане будуць віншаваць свой горад з днём нараджэння. У гонар любімага Полацка будуць гучаць гімны і песні, пройдзе дзіцячае свята, з канцэртам выступіць заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь узорна-паказальны аркестр Узброеных Сілаў. Завершыцца свята феерверкам, а затым "Танцуючы горад" - конкурс забаўляльнай песні і танца, закруціць гараджан у віхуры музыкі.-0-