Гуманітарная дапамога па лініі Чырвонага Крыжа ў Віцебскай вобласці ў 2009 годзе перавысіла Br1,5 млрд.

4 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) пры падтрымцы міжнародных арганізацый у 2009 годзе накіравала на сацыяльныя праекты, а таксама аказала гуманітарную дапамогу грамадзянам і лячэбна-прафілактычным установам рэгіёна на суму больш за Br1,5 млрд. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшыня абласной арганізацыі БТЧК Галіна Жаланава. Асноўная частка гуманітарнай дапамогі паступіла для аснашчэння матэрыяльна-тэхнічнай базы лячэбна-прафілактычных устаноў і бальніц сястрынскага догляду. Так, партнёрскія арганізацыі нямецкага Чырвонага Крыжа прадаставілі функцыянальныя ложкі, мэблю, інвалідныя каляскі і сродкі рэабілітацыі для Сенненскай, Навалукомльскай раённых бальніц, абласнога дыягнастычнага цэнтра, віцебскага радзільнага дома №2 і абласной стаматалагічнай паліклінікі - усяго больш за 10 лячэбных устаноў вобласці. Гігіенічныя тавары для бальніц сястрынскага догляду накіравалі арганізацыі швейцарскага Чырвонага Крыжа. Па праграме "Гуманітарная дапамога ўразлівым" гарадскія і раённыя арганізацыі БТЧК перадалі харчовыя наборы на Br53 млн., іх атрымальнікамі сталі амаль 700 малазабяспечаных і найбольш сацыяльна неабароненых жыхароў вобласці. Супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК з замежнымі партнёрамі будзе працягнута і ў 2010 годзе. Прадугледжваецца, што дапамога па лініі нямецкага, швейцарскага, аўстрыйскага і шведскага таварыстваў Чырвонага Крыжа складзе не менш Br600 млн. Дамоўленасці аб пастаўцы функцыянальных ложкаў дасягнуты з калегамі з нямецкага Чырвонага Крыжа. Такая дапамога будзе накіравана, у прыватнасці, для аснашчэння хоспіса, які арганізаваны на базе Акцябрскай участковай бальніцы. Пры падтрымцы міжнародных арганізацый працягнецца рэалізацыя праекта "Гуманітарная дапамога ўразлівым", дадала Галіна Жаланава.-0-