Гуманітарны груз для мігрантаў рыхтуецца да адпраўкі з Віцебскай вобласці

Грамадскія арганізацыі ўзялі на сябе ролю арганізатараў канкрэтнай, дзейснай дапамогі людзям, якія сталі закладнікамі абставін. Усю гуманітарную дапамогу, якая паступае сёння з Віцебскай вобласці для мігрантаў, каардынуе Віцебская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.


Старшыня абласной арганізацыі Галіна Жаланава расказала, што ў цяперашні час у Гродзенскай вобласці знаходзіцца і прадстаўнік нашай вобласці – спецыяліст хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі Дзмітрый Рачкоўскі, з ім падтрымліваецца штодзённая тэлефонная сувязь, таму паведамленні аб усіх апошніх падзеях паступаюць, што называецца, з першых вуснаў.

– На нейтральнай паласе ў цяперашні час знаходзіцца каля 4 тысяч мігрантаў, сярод іх шмат жанчын і дзяцей, – расказала пры сустрэчы з карэспандэнтам Галіна Пятроўна. – Там устаноўлены палаткі, генератары для ацяплення. Апошнімі днямі павялічыўся паток гуманітарных грузаў з усёй рэспублікі, сартаваннем якіх і займаюцца там каардынатары, у тым ліку нашы калегі з Гродзенскай абласной арганізацыі БТЧК, яе старшыня Наталля Толкачова і генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.
Хачу сказаць, што віцябляне ў чарговы раз даказалі, якімі шчырымі, спагаднымі і гуманнымі яны могуць быць. За адзін толькі дзень мы сабралі 1 тону грузу! У асноўным гэта адзенне, ды і не ставім мэтай збіраць абутак, таму што дагадзіць у гэтым немагчыма, падабраць яго вельмі цяжка. А вось самае надзейнае – дапамагчы разнастайным цёплым адзеннем, якое падыдзе ўсім.

Сапраўды, на абвешчаную акцыю па зборы гуманітарнай дапамогі адгукнуліся як шматлікія гараджане, сем'і, так і прадпрыемствы, арганізацыі Віцебска і вобласці. Гэта перш за ўсё абласная арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын», актывісткі якой перадалі для мігрантаў першую буйную партыю дапамогі — прадметы гігіены, прадукты, цёплыя рэчы. Адгукнуліся таксама прадпрыемствы, прадстаўнікі бізнесу, МНС, установы аховы здароўя і адукацыі. Так, больш за 100 цёплых коўдраў сабралі ў ВДУ імя П. М. Машэрава.
Месцам збору гуманітарнай дапамогі вызначылі гарадскую арганізацыю таварыства Чырвонага Крыжа.

Па адрасе вуліца «Праўды», 43 (у двары сярэдняй школы № 28), устаноўлены велізарны кантэйнер, куды кожны ахвотны можа прынесці гуманітарную дапамогу. Яе прымаюць штодня, у будні з 8.30 да 17.30, без абеду, у суботу — з 9.00 да 15.00. Тэлефон 24-64-81.

— Па меры напаўнення мы вызваляем кантэйнер, сартуем рэчы і ўкладваем у асобныя мяшкі: адзенне для дзяцей, мужчын, жанчын, гігіенічныя сродкі і так далей, — тлумачыць на месцы старшыня гарадской арганізацыі Чырвонага Крыжа Міхаіл Гусачэнка. — Рэчаў так шмат, што мы раскладваем іх і на паліцах у самім будынку.

Пакуль мы размаўлялі, у двор уехала легкавая машына, яе гаспадар дастаў з багажніка два вялікія поліэтыленавыя пакеты, якія і апусціў у кантэйнер. На просьбу назвацца, мужчына ўсміхнуўся і адказаў, што дабрачыннасць, насамрэч, не церпіць шуму, яна павінна быць ціхай, але ад усяго сэрца.— У цяперашні час адзення сабрана ўжо дастаткова, — кажа Галіна Жаланава. — Адзінае, падзяліцца можна толькі такімі цёплымі рэчамі, як шарсцяныя рукавіцы, шкарпэткі і шапачкі. Таксама запатрабаваны яшчэ цёплыя коўдры і спальныя мяшкі. А самай актуальнай застаецца неабходнасць у прадуктах харчавання, натуральна, якія не з'яўляюцца хуткапсуўнымі: макароны, кансервы; калі малако, — то згушчонае або канцэнтраванае; калі хлебабулачныя вырабы, — то сухары, пернікі, печыва. Перадаваць можна чай, каву. Дарэчы, мы звярнуліся на Глыбокскі малочна-кансервавы камбінат, дзе нам вылучылі згушчонае малако для адпраўкі мігрантам, прычым для зручнасці выкарыстання — не ў металічных банках, а ў цюбіках з вечкамі. Адгукнуўся і Талачынскі кансервавы камбінат, які паставіць сокі.

Груз вагой у 3 тонны адправіцца ў Гродзенскую вобласць у чацвер 18 лістапада.

— Асобна хочацца сказаць пра дзіцячае харчаванне, — дадала Галіна Жаланава. — Для яго закупкі арганізаваны збор грошай.
Для ўсіх жадаючых — разліковы рахунак Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа:

210010, г. Віцебск, вул. «Праўды», 18.
Тэлефон + 375212 36-61-34 vitebsk_redcross@mail.ru
УНП 300201908 у Дырэкцыі ААТ «Белінвестбанк» па Віцебскай вобласці,
г. Віцебск, вул. Леніна, 22
р/с BY31BLBB30150300201908001001
Код банка (BIC) BBLBBBY2X
з паметкай «дапамога мігрантам».